Паездка ў Кіеў

 

Антон Арцёменка

 

Дарога

 

Калі езджу на бусах, то праблема адна: зацякаюць рукі-ногі і ўсё астатняе. Калі езджу на цягнікох, то праблемы дзьве: музыка (праваднікі спэцыяльна падбіраюць касэты з найбрыдчэйшымі, найраздражняльнымі гадасьцямі). Ну ставілі б тое, што задавальняе ўсіх: які-небудзь Romantic Collection, альбо калі яны такія фанаты расійскай музыкі, што іх вароціць ад усёй астатняй - хай бы там Макарэвіча якога круцілі, ці нешта іншае такога тыпу. Ну ды ладна, наступным разам не забуду плэер (зьбіраліся ж за 10-15 хвілін літаральна). Другая праблема - неабходнасьць заснуць безь дзяўчыны. Нягледзячы на звычайны недасып, сон не прыходзіў. А толькі прыйдзе - ужо правяраюць пашпарт. Зрэшты, "немного спустя Штирлиц уснул".

Прачнуўшыся ад прыпадку настальгіі, зірнуў у акно. Я ва Ўкраіне ніколі ня быў (калі не лічыць Крыму ў глыбокім дзяцінстве), але ведаў, што мусіць быць "степь да степь кругом". Нічога падобнага: лес ды лес. Але прадраўшы вочы, убачыў, што лес расьце дзьвюма ценькімі палоскамі ўздоўж чыгункі. Ён пасаджаны там спэцыяльна, каб праезджыя беларусы не пакутавалі ад культурнага шоку і агорафобіі. Пра тое, што трапіў у іншую краіну, нагадвала толькі сонца. Уяўляеце, яно сьвяціла, а не хавалася за хмарамі!

Канчаткова абуджаны сонейкам, я пайшоў умывацца, але з акна ўбачыў ТАКОЕ, што маланкай паляцеў назад, каб Юля не прапусьціла. Дняпро! Шырачэзны, прыгожы, між пагоркаў, на якіх вырастаюць велічныя залатыя купалы. Нават сучасныя будынкі - ня змрочна-шэра-аднолькавыя, а вясёлыя, поўныя суладнасьці з прыродай, зь зяленівам, з цэрквамі! Узрушаны, я палюбіў гэты горад. Шчыра.

 

Пляж

 

З гатэлю мы адразу рушылі на пляж, саграваючыся гарачым ранішнім сонейкам і любуючыся старасьвецкімі будынкамі з прыгожымі бальконамі і фігурамі. Паехалі да пляжу на мэтро, якое ўразіла сваёй глыбінёй: у нас нават вушы заклала. Такога не было нават у саляных капальнях пад Кракавам. На пляжы (як і ўсюды ў горадзе) я займаўся дэгустацыяй розных гатункаў піва, якое было вельмі смачным, халодным і танным (600-800 рублёў на нашы грошы). Дарэчы, увогуле на вуліцах п'юць піва вельмі мала, бо ёсьць шмат добрых пабаў. Меў бы час - таксама півасіў бы толькі там, хаця на вуліцах і не забаронена, прынамсі мяне міліцыянты не чаплялі. А міліцыі вельмі шмат - амаль як у нас. Амаль. Дарэчы, у міліцыянтаў галаўныя ўборы такія, што побач зь імі адчуваеш сябе героем францускай паліцэйскай камэдыі.

Яшчэ нюанс: курс у розьных абменьніках вагаецца адсоткаў на шэсьць, а гэта вельмі шмат: на нашы грошы было б 120-130 рублёў з кожны даляр. Так што не сьпяшайцеся адразу здаваць шмат, асабліва на вакзале. Напрыклад, я здаў толькі $5, каб набыць плян места - вельмі някепскі атляс.

Але вернемся на пляж: Юлі так спадабаўся пясочак, што яна папрасіла мяне ўзяць перад ад'ездам кіляграмы тры ў Менск. Яшчэ Юля вельмі ўпадабала тамтэйшае марозіва, і нездарма. А мне страшэнна карцела купацца, але збаяўся: там жа вышэй па плыні Чарнобыль... дый наагул нязвыкла: горад усё ж. А людзі купаліся... клятая беларуская перасьцярожанасьць не дазволіла атрымаць поўнае задавальненьне.

Затое адтуль я стэлефанаваўся з кіеўскім сябрам Аляксеем. Цікава, што эсэмэскі ад мяне не даходзілі: мабыць, трэба было зьмяніць нумар цэнтру SMS. Пакуль чакалі Аляксея, падышла дзяўчына і падвергла нас сацыялягічнаму дасьледаваньню, нягледзячы на папярэджаньне, што мы прыезджыя. На пытаньне, ці цярпеў я ад злачынных элемэнтаў за апошнія 5 год, я шчыра адказаў, што цярпеў некалькі разоў, але ўсе тыя элемэнты працавалі ў менскай міліцыі.

Але тут прыйшоў omo, і мы пайшлі да Кіева-Пячорскай лаўры. Дзякуй табе вялікі, Аляксей, за цікавую і пазнавальную экскурсію! Дзякуй, што адгукнуўся і прыйшоў! Так файна пахадзілі-пагутарылі - вельмі шкада, што нядоўга.

 

Лаўра

 

Разьвітаўшыся з Аляксеем, мы схаўрусаваліся зь іншымі турыстамі, і пайшлі з правадніцай (тамтэйшай супрацоўніцай) у пячоры (такія падземныя хады з цэрквамі і мошчамі). Увогуле нават у горадзе адчувалася, што рэлігія мае ў жыцьці ўкраінцаў большае значэньне, чым у жыцьці беларусаў. А яшчэ ўкраінцы маюць большы выбар: каму не падабаецца маскоўская царква - можа, застаючыся праваслаўным, абраць нешта бліжэйшае да сябе: Аўтакефальную царкву ці Кіеўскі патрыярхат. А беларус мусіць падавацца ў пратэстанты/ўніяты/каталікі.

"Надеюсь, все православные, правильно креститься умеем?" - упэўнена спытала правадніца ў нашай групы (уключна з чарнаскурым ангельскамоўным хлопцам), і пачала свой расповед. "Татары сожгли наш монастырь, а потом пришли литовские завоеватели, и монастырь стал центром борьбы против католической экспансии". Пры гэтам яна так красамоўна пазірала на маю кашульку з Пагоняй, што мне нават сорамна стала за сваіх продкаў, літоўскіх заваёўнікаў: бач, не маглі спакойна папаліць усё, і вярнуцца з палоннымі дахаты, як рабілі ўсе нармалёвыя людзі.

Дарэчы, як мне тут падказалі ўкраінскія сябры, Кіева-Пячорская лаўра падначальваецца Маскоўскаму патрыярхату. Чамусьці, я так і думаў.

Добра налазіўшыся па падземных цэрквах і высокіх пагорках, мы рушылі па горадзе. Увогуле, ўкраінцы і беларусы вельмі падобныя: нават прэзыдэнтаў сваіх абралі ў адзін дзень, 10-га ліпеня 1994, і дагэтуль спрачаюцца чый горшы. Яшчэ ў Кіеве таксама гавораць па-расійску. Можна сказаць, што ў Кіеве магутная русская культура пусьціла нават глыбейшыя карані: такой колькасьці песень пра расійскіх бандытаў, Магадан і наган "только для тебя" (прапітаму мужчынскаму голасу адказвае ценькі жаночы: "только для меня") я ў Менску і за год ня чуў. А вось украінскага радыё так і не паслухаў (плэер, плэер не забывай!).

Але ёсьць і адрозьненьні: 99% рэклямы - па-ўкраінску. Шмат рэклямы цыгарэт (ня так як у нас - проста каўбоі і надпіс Marlboro), а натуральная адкрытая рэкляма цыгарэт. Нават шыльда была: "КУРИ". Я зьдівіўся і не адразу здагадаўся, што гэта проста па-ўкраінску "КУРЫ" з націскам на першы склад. Нагадала гісторыю пра надпіс на трамваі СКАЖИ НАРКОТИКАМ: "НІ"! (Скажы наркотыкам: "Не!"), які багата хто разумеў як Скажы наркотыкам: "Хай!".

Увогуле, рэклямы цыгарэт шмат, а паляць на вуліцах мала. Мабыць, таму яе і шмат. Гэта як "нумар першы ў сьпісе непатрэбных рэчаў - рэкляма гарэлкі ў Расіі". Пасьмяяўся з рэклямы цыгарэт "Прилуки" (для мянчан гэта назва трывала асацыюецца з вэндыспансэрам, нават рэкляма ёсьць самі разумееце чаго: "Не хотите на Прилуки - покупайте эти штуки").

 

Дзяўчаты

 

Згаданыя вышэй адрозьненьні - далёка не галоўныя. Увечары мы, ладна нагуляўшыся па горадзе, прыйшлі на Майдан Незалежності. Ўаў, якая тусоўка! Не хачу нікога пакрыўдзіць, але на мой густ - дзяўчат пекных у Менску болей. У кіяўляначак вельмі гожыя абліччы, але ў большасьці яны для мяне альбо занадта маладзенькія, альбо ўжо маюць попы і бюсты з катэгорыі "ёсьць што абняць". Затое хлапцы - дагледжаныя, з дабрабытным выглядам і спакойным упэўненым пашлядам, прыстойна апранутыя і як пісаў вышэй - мала кураць (ня тое што менскія - дэградаваныя, укураныя і ўпітыя, тармазныя, баязьлівыя і неахайныя). У Менску лепей быць хлопцам (калі ты мыешся, ня п'еш брыдкіх напояў і сякую-таку капейчыну зарабляеш - кожная вольная дзяўчына твая, а вольных пры такім раскладзе вельмі шмат). А ў Кіеве лепей быць дзяўчынай. Альбо пэдафілам. :-) Хаця ўвогуле там гендэрнай раўнавагі нашмат больш, чым у Менску.

 

Дождж

 

Міла пасядзеўшы ўвечары ў сквэрыку, мы пайшлі спаць. А зранку быў люты дождж і холад. Мы зьвезьлі ў Кіеў менскае надвор'е (так, бо вярнуліся потым у нязвыкла сонечны Менск). Таму ў панядзелак мы пайшлі ў кіно на "Піратаў Карыбскага мора" (цудоўны фільм, спадзяюся напісаць рэцэнзію; будзе ў Менску - пайду зноў, вось толькі баюся, доўга чакаць давядзецца). А потым пайшлі па падземных крамах. Асартымэнт Юлі спадабаўся ня надта, а мне ён быў абыякавы, галоўнае што там шмат месцаў добра паесьці-папіць! Цэлы дзень бы займаўся такім "шопінгам". Асабліва спадабалася чарнігаўскае "белае нефільтраванае", хоць і ня цёмнае. Але і цёмных смачных танных піў - хоць заліся, і ніякай, перапрашаю пані, "Блевалтики". Усё чысьценькае і акуратненькае, усе ветлівенькія. Эўропа...

Захацелі зьесьці чагось нацыянальнага, знайшлі "Украінскія гарачыя стравы". Але гэта былі нашы дранікі (называліся деруни). Прыкры момант: нам доўга не давалі сьмятану, і толькі для трэйцяй порцыі - зьлітаваліся. Юля кажа, гэта яны проста так доўга ўпэўніваліся, што мы не маскалі.

Пад дажджом мы пакідалі Кіеў, які ў такое надвор'е не скаланаў сваёй прыгажосьцю да глыбіні душы, як у сонечны дзень... Але быў і плюс: дождж выратаваў мяне ад неабходнасьці ехаць на пляж і цягнуць адтуль для Юлі ў Менск пляжны пясочак. :-)

 

PS:

І вось ужо два тыдні ў Менску пануе цудоўнае надвор'е, зьвезенае намі з Кіева.


© Антон Арцёменка

 

Новини сайту | Білорусь - Україна | Форум






Hosted by uCoz