29 Чэрвеня 2003


Васіль Быкаў у Інтэрнэце


Сёньняшні выпуск перадачы прысьвечаны тэме “Васіль Быкаў у Інтэрнэце”. Вы пачуеце гутарку з аўтарам сайту “Беларуская палічка”, дзе выстаўленыя дзясяткі твораў клясыка. Таксама ў перадачы прагучыць фрагмэнт інтэрвію, зробленага пры жыцьці пісьменьніка, у якім Васіль Быкаў выказвае сваё стаўленьне да кампутара.

Віталь Тарас, Прага

25 чэрвеня, калі Беларусь разьвітвалася зь вялікім пісьменьнікам, дзяржаўныя электронныя мэдыі, паводле зразумелых прычынаў, ухіліліся ад асьвятленьня галоўнай падзеі ў наўпроставым эфіры. Гэтаксама самаўхілілася ад свайго абавязку дзяржаўная камісія па пахаваньні Васіля Быкава пасьля таго, як у Доме літаратара і вакол яго зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі. І толькі праз Інтэрнэт можна было даведацца пра ўсё, што адбывалася ў гэты дзень усенароднай жалобы.

Адразу некалькі інфармацыйных сайтаў вялі анлайнавы рэпартаж, пачынаючы ад грамадзянскай паніхіды ў Доме літаратара да пахаваньня на Ўсходніх могілках у Менску.

Трэба сказаць, што вестка пра сьмерць Васіля Быкава, адразу ўсьлед за тым, як яна прагучала на беларускай “Свабодзе”, амаль адразу, позна ўвечары 22 чэрвеня, зьявілася і на асноўных інфармацыйных сайтах Расеі. Найперш, гэта быў сайт
РИА Новости, потым інфармацыя зьявілася на сайтах gazeta.ru і lenta.ru. На жаль, не абыйшлося бяз прыкрых памылак – РИА Новости, напрыклад у біяграфіі пісьменьніка няправільна ўказала месца яго нараджэньня: замест вёскі Бычкі было названае іншае месца.

Пра тое, што пісалі пра Быкава ў расейскім Інтэрнэце – пры канцы перадачы. А зараз пра тое, дзе ў сеціве можна прачытаць творы Васіля Быкава. Думаю, ня будзе вялкімі перабольшаньнем сказаць, што
самы вялікі збор твораў пісьменьніка ў Інтэрнэце сёньня можна бачыць на “Беларускай палічцы”. Я патэлефанаваў аўтару гэтага інтэрнэт-рэсурсу Андрусю Жвіру, якога папрасіў адказаць на некалькі пытаньняў. І першае пытаньне – як ставіўся сам Васіль Быкаў да публікацыі сваіх твораў у сеціве?

(Жвір: )
“Усе творы, зьмешчаныя на беларускай палічцы, зьмешчаныя з дазволу пісьменьніка. Я аднойчы сустракаўся з Васілём Быкавым – гэта адбылося ў Празе, на сьвяткаваньні ўгодкаў БНР, у 2000 годзе, калі не памыляюся. Тады я запытаўся ў яго – ці можам мы зьмясьціць ягоныя творы ў Інтэрнэце? І ён даў тады дазвол на гэта”.

Напэўна, усё немагчыма пералічыць, але колькі прыблізна ўжо твораў Васіля Быкава выстаўленыя на “Беларускай палічцы” і якія апошнія зь іх?

(Жвір: ) “Дастаткова шмат. Можна крыху пералічыць... Гэта раман “Кар’ер”, аповесьці “Ваўчыная яма”, “У тумане”, шмат апавяданьняў. Акрамя твораў на беларускай мове, таксама зьмешчаныя творы ў перакладазе на расейскую, польскую, украінскую, нямецкую. Акурат зараз мы рыхтуем шмат твораў у перакладзе на ангельскую мову. Будуць выстаўленыя ў найбліжэйшы час, я спадзяюся, “Ваўчыная зграя”, “Знак бяды”, “Незагойная рана”. Паспрабуем у бліжэйшы час таксама заняцца, каб зьявіліся ў нас творы, перакладзеныя на нямецкую мову”.

А ці ёсьць яшчэ іншыя сайты, якія друкуюць творы Быкава ня толькі па-беларуску, але й на замежных мовах?

(Жвір: ) “Так, асноўная маса зь іх – гэта расейскамоўныя сайты. Прынамсі, досыць вялікі збор твораў Васіля Быкава па-расейску знаходзіцца на сайце “Библиотека Мошкова”. Ёсьць і іншыя сайты – напрыклад, “Военная литература”. Там таксама зьмешчаныя творы Быкава пра другую усясьветную вайну. Друкаваліся ягоныя творы ў некаторых расейскіх часопісах, якія таксама можна знайсьці ў Інтэрнэце. Ёсьць яшчэ сайт, прысьвечаны Васілю Быкаву, на беларускай мове: bykau.by.ru. На жаль, ён нешта апошнім часам не абнаўляецца. Там нават не было абвесткі, што пісьменьнік памёр. Сайт цікавы, але ў прынцыпе, гэта проста збор усяго, што ўжо было зьмешчана ў Інтэрнэце. Аўтар проста сабраў гэта ўсё разам і выставіў у сябе на сайце”.

Што тычыцца стаўленьня пісьменьніка да Інтэрнэту і ўвогуле да кампутараў, дык яно, як у чалавека старэйшага пакаленьня, было, так бы мовіць, неадназначным. У сваім колішнім інтэрвію, якое паслужыла своеасаблівай прадмовай да першага выхаду ў эфір ягоных успамінаў ”Доўгая дарога дадому”, Васіль Быкаў так адказаў на пытаньне, чым ён пераважна карыстаецца ў сваёй працы – кампутарам, ці асадкай?

(Быкаў: )
“Кампутар, усё-ткі, апрача ўсяго, гэта тэхніка, і валоданьне тэхнікай патрабуе пэўных намаганьняў. Іх ня трэба, калі займаешся звыклай справай, калі пішаш ручкаю. Апрача таго – тэмп. Тэмп майго мышленьня дастасаваўся да тэмпу маіх пальцаў. І даволі гарманічна гэта адбываецца, у той час як на кампутары перажываеш нйекую дысгармонію. Таму найлепш, калі нават звычайныя фразы – якую-небудзь устаўку, ці што – напішаш сьпярша на паперы, маларазборліва, такім беглым почыркам, а пасьля ўжо перадрукуеш на кампутары. Люблю ручку, каб яна была з тонкай лініяй і пераважна або сіняя, або чорная. Ну, магу пісаць і алоўкам. Па сутнасьці, няважна. Некалі, я ўжо гаварыў, Валодзя Караткевіч меў у гэтым сэнсе адно патрабаваньне: гэта харошая папера. Харошая папера мне таксама падабаецца. Хаця ўсе жыцьцё... У нас жа цяпер толькі паявілася такая папера добрая, а то ўсё была такая газэтная. Ну, а ўвогуле, ня ў тым справа. Калі нешта ёсьць у галаве, дык напішацца, дзе хочаш – нават на цыгарэтным пачку”.

Так гаварыў Васіль Быкаў у інтэрвію Радыё Свабода, запісаным прыкладна год таму. Але варта дадаць, што Васіль Быкаў меў свой уласны кампутар – ноўтбук. Ён ня толькі карыстаўся ім для перапіскі праз электронную пошту, але цудоўна арыентаваўся ў сеціве. Прынамсі, пра многія падзеі ў Беларусі й сьвеце, ён, паводле ўласнага прызнаньня, даведваўся зь Інтэрнэту...

Як мы ўжо адзначалі, на мінулым тыдні на расейскіх інтэрнэт-сайтах шмат гаварылася й пісалася пра канфлікт паміж уладамі і пісьменьнікам, які працягваўся – ці, нават, можна сказаць – успыхнуў з новаю сілай пасьля ягонай сьмерці. Значна меней было ў сеціве спробаў асэнсаваць сапраўднае значэньне творчасьці Быкава, значэньне ягонай асобы. Выключэньнем выглядае публікацыя аглядальніка расейскага сайту
grani.ru Ільлі Мільштэйна:
“...бацька неяк ляпнуў у расейскім ток-шоў: маўляў, ведаю Быкава, вершы ягоныя ў школе вучыў. Цяжка сказаць, чые вершыкі беларускі прэзыдэнт вучыў у школе і з кім пераблытаў свайго нацыянальнага пісьменьніка, у якога відавочна не прачытаў ані радка. Бо паэзія і Васіль Быкаў, як злачынства і геній, несумяшчальныя. Пісьменьнік… быў празаікам ад прыроды – і бязьлітасным сьветаадчуваньнем сваім, і ў стылістыцы. Магчыма, таму яму наканаваны ў літаратуры лёс, адрозны ад многіх паўзабытых ягоных аднагодкаў. Бо час і ў яго на радзіме, і па суседзтве, і ў сьвеце настае досыць бязьлітасны, і прырода чалавека паўстае ў абліччы, убачаным на вайне. Таму прозе Васіля Быкава прадвызначана доўгае жыцьцё. Яго яшчэ ўспомняць. Вайну забудуць – за праўду падзякуюць”.
Усе падзеі мінулага тыдню, зьвязаныя зь імем Васіля Быкава, словы разьвітаньня, якія прамаўлялі выдатныя асобы, альбо звычайныя грамадзяне Беларусі – усё, гэта зразумела, знайшло свааё адлюстраваньне ў эфіры Радыё Свабода, сталым аўтарам якога быў пісьменьнік. Большасьць матэрыялаў памяці Васіля Быкава можна прачытаць і ў інтэрнэце на нашым сайце.


Джерело:
http://www.svaboda.org/programs/internet/2003/06/20030629174009.asp



Новини сайту | Білорусь - Україна | Василь Биков | Форум





Hosted by uCoz