A R C H E № 4 (27) –
2003
ЯЎГЕН СЬВЯРСЬЦЮК - украінскі літаратуразнаўца,
былы дысыдэнт, палітвязень, прэзыдэнт Украінскага ПЭН-цэнтру. Артыкул перакладзены з украінскай зь невялікімі
скаротамі паводле аўтарскага арыгіналу, які быў надрукаваны таксама ў газэце
“Урядовий кур’єр”. Назва ў
арыгінале — “Апошняя сустрэча з Васілём Быкавым”.
Яўген Сьвярсьцюк
Нас зь беларусамі дзяліў досьвед 60-х
Ён стаіць у мяне ўваччу, высокі
і сівы, і ў ягонай узьнятай руцэ я адчуваю адно з тых разьвітаньняў, зь якіх
сатканае людзкое жыцьцё. У разьвітаньні ёсьць суворая праўда і
ўдзячнасьць.
Васіль Быкаў не адразу стаў прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру, які запрацаваў
на пачатку 90-х высілкамі няўрымсьлівага Карласа Шэрмана — гэты рэпатрыянт з
Уругваю ведаў некалькі моваў, а галоўнае, меў дзелавую хватку і арганізатарскія
здольнасьці. Займаць пры віцэ-прэзыдэнту Шэрману пасаду прэзыдэнта было,
мабыць, лёгка і спакойна.
Яшчэ ад 60-х гадоў Быкаў быў для мяне клясыкам, адным зь нямногіх, каго
шанавалі й чыталі. На пачатку 90-х у агульным грукаце ад падзеньня куміраў неяк
раптам збляднелі вядомыя імёны. “Сьмелыя аповесьці” Чынгіза Айтматава пасьля
падзеньня цэнзуры страцілі тую загадкавасьць “высокіх узгадненьняў” і
грамадзкую напругу, якая стварала вакол іх трывожны арэол. А пра аўтара
беларускіх партызанскіх аповесьцяў раптам забыліся. Кніжны рынак запоўнілі
сэнсацыйныя выкрыцьці. На паверхню выплылі раней забароненыя лягерныя тэмы,
папулярнаю стала газэта “Совершенно секретно”. У бэстсэлеры выйшла
аповесьць Рыбакова “Дзеці Арбату”.
З даўнейшага чытаньня пра беларускую літаратуру ў маёй памяці чамусьці
адбілася фраза зь нейкага газэтнага разносу “ідэйна нясьпелых”: “Тры разы
ўрадам адзначаны, а сам сапсаваўся дазваньня”. Ужо не згадаю аўтара, але выраз
ёмісты, варты цэлага апавяданьня.
Нас зь беларусамі дзяліў досьвед 60-х гадоў. Украінцы запаўнялі палітычныя
вязьніцы й лягеры, а беларусаў тамака было вобмаль. Хоць я знаў, у Беларусі
ёсьць такія ж настроі, як і ўва Ўкраіне. Але калі Адамовіч і Быкаў маюць свой
спосаб нацыянальнае самаабароны, дык дзякуй Богу.
Часам да Кіева ад беларусаў у 60-я гады даходзілі вальнадумныя лісты. Мне
здавалася, што ў Беларусі няма асяродку для падтрымкі самвыдаву і беларусы
шукаюць аддушыны збоку. Але ж кожны “самвыдаў” мусіць мець уласнае
нацыянальнае жыватворнае асяродзьдзе і свайго ўдзячнага чытача. Бяз гэтага
“самвыдаў” не народзіцца. У 1970 годзе я прачытаў яшчэ “сьвежае” эсэ
Валянціна Мароза “Майсей і Датан” — і адразу запратэставаў. Натуральна, там
была праўда аб правінцыйных рабах, якія хочуць у сябе і ў школе, і ў музэях, і
дома арганізаваць “куточак Масквы”. Але хіба ўва Ўкраіне бракавала такіх рабоў?
Мяне ўдарыла непрыемнаю фразаю пра беларусаў як нацыю рабоў. Зразумела, што беларусам
бракавала ў гісторыі Хмяльніцкага, у літаратуры — Шаўчэнкі, у
XX стагодзьдзі — Пятлюры й Бандэры. Але бальшавіцкая чума, а пасьля
бесьперапынная вайна іх гэтак выкасіла, што ня дай Божа! А рух супраціву
вымагае прынамсі пяці адважных і маральна загартаваных грамадзянаў, што
знаходзяць і падхопліваюць эстафэту.
Ведама, шкада, што ў лягеры няма беларусаў: кожная нацыя мусіць пасылаць у
ахвяру сваіх Дон Кіхотаў… Стануць жа перад Нябёсным Пасадам тыя, у белых шатах,
каго замардавалі за слова веры…
Я тлумачыў сабе сытуацыю тым, што беларускія цэка не такія шчарбіцкія, як
нашы. А галоўнае, тым, што крытычная сіла супраціву ў Беларусі не такая
вялікая, як ува Ўкраіне, і тамака душаць абуджаных неўпрыкмет. Гэтак, як у нас
у райцэнтрах.
Натуральна, былі ў лягерах сымпатычныя беларусы даўнейшага набору. Адзін —
Рыгор Вабішчэвіч — за ўдзел ува УПА, за нейкую справу Кастусь Грэбень, Алейнік…
Адзін сымпатычны беларус сядзеў за тое, што схапіў сваю прыхаваную вінтоўку й
пабег адбіваць у чырвоных сваю рагулю. “Вызваліцелі” гэта прыгадалі.
Словам, беларусы выклікалі ў мяне спагаду й пашану, не зважаючы нават на тую
мазырскую савецкую бабулю, якая, падслухаўшы маю размову з прыяцелямі, пабегла
за мною з пагрозамі даказаць. Адзін толькі беларус Уладзімер Караткевіч важыць
больш за тысячу такіх “прадуктаў эпохі”. Дарэчы, сярод кіеўскіх студэнтаў і
моладзі ён быў пашыральнікам нацыяналістычнага фэрмэнту...
Але гэта наша супольная доля, што на працягу некалькіх пакаленьняў секлі
галовы. Зазвычай гэта прыводзіла да зьяўленьня масавае ляяльнасьці і яе
вестуноў у літаратуры, дзе, кажучы словамі Васіля Быкава, “у некаторых нашых
майстроў слова бачым па шэсьць-восем ордэнаў — не за вайну, за літаратуру”.
І далей: “За часамі таталітарызму нацыя адвярнулася ня толькі ад рэлігіі,
а і ў вялікай ступені ад нацыянальнае ідэі”.
Калі я наведаў Беларусь, мяне ўразіла савецкая нязьменнасьць сталіцы. Але й
прыемная чысьціня вуліцаў. Нават уявілася, што сам Лукашэнка ўранку ў белым
хвартуху праходзіць з драпачом, каб паказаць, як трэба ўтрымліваць фасад.
Усе беларускія пісьменьнікі ў сваіх выступах былі выразна апазыцыйнымі і
аднадушнымі ў падтрымцы вострых выступаў з трыбуны. Там праблісквалі яркія
публіцыстычныя таленты, якіх бракуе і ўкраінскай, і расейскай літаратурам. Мне
здалося, што ў Беларусі расейскамоўны пісьменьнік застаецца беларускім, тады як
у нас — гэта ўжо па-за ўкраінскаю літаратураю. У кожным разе,
расейскамоўная Сьвятлана Алексіевіч — гэта беларуская пэрліна, дар рэдкаснае
праўдзівасьці.
У апошні мой прыезд улетку 1998 году ўранку прыйшоў у гатэль прывітаць
гасьцёў Васіль Быкаў. Між намі была рака жыцьця: колішні прызнаны клясык
беларускае літаратуры і колішні вязень, гнаны за пазыцыю ў літаратуры. Але мы
былі на адным беразе й шанавалі адзін аднаго за аднолькавасьць сьвятыняў.
І ўсё ж за горыч лёсаў…
Я ня памятаю больш удзячнае аўдыторыі, чым беларуская.
Ды мне стаіць уваччу разьвітаньне. Тым летам 1998 году міжнародная
канфэрэнцыя ПЭН-клюбу ў Менску супала ў часе зь міжнародным Біблійным сымпозіюмам
у Любляне. Дык жа пасьля свайго дакладу ў перапынку я перапрасіў, што мушу
адбыць раней, і разьвітаўся з усімі.
Але пасьля вырашэньня фармальнасьцяў я праходзіў перад расчыненымі дзьвярыма
актавае залі проці прэзыдыюму і, сустрэўшыся поглядам з Васілём Быкавым,
памахаў яму рукою. Ён устаў, памахаў рукою ў адказ. І ўвесь прэзыдыюм
устаў. Гэта было так значна, так велічна, што нават трохі выходзіла за межы
рэчаіснасьці — як бывае ў сьне.
Ён стаіць у мяне ўваччу, высокі й сівы. І ў ягонай узьнятай руцэ я
адчуваю сапраўднасьць, па-над абставінамі месца й часу. А мо гэта
накладаецца вобраз “высакарослы сівы беларус” з твору Някрасава. Але глыбокі
погляд Васіля Быкава стаіць і ня тоне.
Новини сайту | Білорусь - Україна | Василь Биков | Форум