HAША НІВА
2001, № 16


У краіне мазанак

Микола Чабан “Заспявай мне на матчынай мове”. Фольклор. — Дніпропетровськ: УкО ІМА-прес, 2000. — 80 с. Українською та білоруською мовами. ISBN 966-7179-23-0

У 1982 г. краязнаўца Мікола Чабан падчас адной з фальклёрных экспэдыцыяў трапіў у сяло Сурска-Літоўскае ля Днепрапятроўску. Выявілася, што яно заселенае этнічнымі беларусамі, якія захавалі мову, звычаі, абрады, песьні. Усе гэтыя акалічнасьці зацікавілі дасьледчыка, тым больш, што ягоная маці, Лідзія Кузьменка, — беларуска з Рэчыцкага раёну.

Як жа апынуліся беларусы ў цэнтры Ўкраіны? У 1786 г. у мястэчку Дуброўна на Віцебшчыне была пабудаваная суконная мануфактура, названая ў гонар імпэратрыцы Екацярынаслаўскай. У 1794 г. прадпрыемства разам з работнікамі было пераведзенае ва Ўкраіну, у наваствораны горад Екацярынаслаў (сёньня — Днепрапятроўск). Так ва Ўкраіне апынуліся 497 фабрычных сялянаў з Дубровеншчыны. Іх пасялілі за 18 кілямэтраў ад Екацярынаслава, у слабадзе Сурска-Фабрычнай. Пазьней яна зьмяніла назву на Сурска-Літоўскую. Мікола Чабан, які пісаў кнігу для ўкраінцаў, мусіў патлумачыць, што ліцьвінамі раней звалі жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, найперш беларусаў.

Дубровенскія сяляне доўга не маглі прызвычаіцца да новых кліматычных умоваў. Пісьменьнік падае вытрымку з рапарту дырэктара фабрыкі Кнорынга: “Пабудаваныя 225 хат да вясны былі неабмазаныя, а дахі падраднікам так пакрытыя, што іх было неабходна перакрываць. Яравой пшаніцы сялянам было адпушчана мала і запозна, таму ўсё, што было пасеяна, прапала, ураджаю не было”.

Не змаглі беларусы прызвычаіцца і да мясцовай вады, якую, з-за адсутнасьці калодзежаў, яны бралі з ракі Суры. Тая час ад часу зацьвітала – тады зьяўлялася ліхаманка.

Але найбольшай праблемай была адсутнасьць царквы. Дзеці доўга былі няхрышчаныя, нябожчыкі адыходзілі на той сьвет бяз споведзі і прычасьця. Найбліжэйшы храм знаходзіўся за пару кілямэтраў, ва ўладаньнях пана Васіля Шостака, але тамтэйшы сьвятар і так быў абцяжараны надмернай колькасьцю прыходаў і парафіянаў. Урэшце, беларусы дабіліся дазволу перанесьці ў сваю слабаду нячынную царкву з суседняй вёскі.

У 1837 г. суконная фабрыка, дзеля стратнасьці і цяжкіх фінансавых варункаў, зачынілася. Беларусы змушаныя былі вярнуцца да сельскай гаспадаркі. Спачатку працавалі на пана, потым на сябе, затым на калгас. Зьмянялася ўлада, аднак заставаліся абрады і звычаі, ня зьнікла беларуская мова ў Сурска-Літоўскай.

Большую частку кнігі займаюць песьні сялянаў Сурска-Літоўскай слабады (вясельныя, траецкія, калядныя і пазаабрадавыя). Выклікаюць цікавасьць і каштоўныя дарэвалюцыйныя фатаздымкі тыпаў мясцовых беларусаў.

Найвялікшую каштоўнасьць, піша Мікола Чабан, маюць вясельныя абрады й песьні, прынесеныя з роднай Беларусі 200 год таму. Вясельле суправаджаецца вялікім размахам — сьвяткуе ўсё сяло. Пісьменьнік прыводзіць словы Зоф’і Савітчанкі, захавальніцы народных традыцыяў: “Вясельныя звычаі маюць у Сурсцы Літоўскай даўнія традыцыі, і яны ня зьнікнуць. Зараз у нашым сяле нямала прыежджых, але ўсе яны трымаюцца нашага звычаю. На ўсе свае вясельлі яны клічуць карэнных літвінаў, просяць парады і дапамогі ў правядзеньні сьвята”.

Для параўнаньня М.Чабан апісвае сваю вандроўку на Дубровеншчыну, дзе ён спрабаваў знайсьці карані жыхароў Сурска-Літоўскай. Татальная русіфікацыя зрабіла сваю працу. Высілкі аўтара часьцяком выклікалі ў дубровенскіх беларусаў шчырае зьдзіўленьне: навошта гэтаму дзядзьку зьбіраць нямодныя, не гарадзкія песьні...

“Да нядаўняга часу, — піша Мікола Чабан, — у большасьці жыхароў сяла Сурска-Літоўскае ў пашпартах насупраць графы “нацыянальнасьць” было запісана – беларус. На жаль, у пашпарце Ўкраіны такога запісу ўжо няма”.

Алег Гардзіенка

Новини сайту | Білорусь - Україна | Форум





Rated by GURU


Hosted by uCoz