Пяць кветак з цёмнага пакою
Марына ШОДА
Сучасныя ўкраінскія апавяданні у часопісе Крыніца. – 2000. – № 4-5 (59). –
С.177-216 (М.Рабчук “Гісторыя аднаго кахання”, Я. Кананенка “Новыя
калготы”, В. Тарнаўскі “Дрэва жыцця”, У. Янчук “Пятнаццаць хвілін спакою”,
Ю.Андруховіч “Злева, дзе сэрца”)
|
Звычайна лічыцца, што мастацкі
тэкст паўстае ў адпаведны яму час і калі тэкст не супадае з часам, дык толькі
таму, што апярэджвае яго. На вялікі жаль, пераклад, у
адрозненне ад арыгінальнага тэксту, ніколі не апярэджвае час, і калі пераклад
не супадае з часам, гэта значыць вельмі сумную рэч: ён спазніўся да свайго
чытача. Дык падзякуем перакладчыку Андрэю Скурку за
тое, што беларускі чытач мае магчымасць сачыць сучаснае жыццё ўкраінскай
літаратуры. Для публікацыі, якая з'явілася
ў часопісе “”Крыніца” ў 2000 годзе перакладчык выбраў пяць цікавых
апавяданняў з зборніку сучаснай украінскай навелістыкі “Квіти в темній
кімнаті”, што выйшаў у Кіеве, у выдавецтве “Генеза”,
у 1997 годзе. Гэта “Гісторыя аднаго кахання” Міколы Рабчука, “Новыя калготы”
Яўгеніі Кананенкі, “Дрэва жыцця” Валянціна Тарнаўскага, “Пятнаццаць хвілін
спакою” Уладзіміра Янчука і “Злева, дзе сэрца” Юрыя Андруховіча. У прадмове да зборніку кандыдат
філалагічных навук Уладзімір Даніленка адзначае, што
гэтая кніга падагульняе працес развіцця малой прозы ў творчасці ўкраінскіх
пісьменнікаў-васьмідзесятнікаў, які прадстаўлены тут ва ўзаемазвязаным
атачэнні эстэтычных пошукаў пісьменнікаў сямідзесятых і дзевяностых гадоў. Выбраныя творы пісьменнікаў,
якія, нягледзячы на розніцу ў датах нараджэння, становяць сабою пакаленне,
чыя творчая манера фармавалася пад уздзеяннем эпохі краху. І насамперш краху
муроў, кратаў, бар’ераў. Матэрыяльныя, ідэалагічныя, духоўныя краты
і бар’еры станчаліся на вачах і адпадала неабходнасць у літаратуры
герметычный, затоенай, замкнёнай у сабе. Паступова здымаліся табу з лексікі і
тэматыкі. То бок герметычная літаратура гэтак жа паступова
“разгерметызоўвалася”. Калі пісьменнікі шасцідзесятых гадоў казалі “Мы”, а ў
сямідзесятыя годы ціха гучала “Я”, дык працягваючы гэтае разважанне, пачатае
Уладзімірам Даніленкам, можна адзначыць, што ў творах васьмідзесятнікаў
голасна супрацьстаўляліся “Я” і “Яны”.
Гэты займеннік множнага ліку ў розных тэкстах увасабляецца па-свойму. У сумнай love story Рабчука, гісторыі
аднаго, але не адзінага падобнага кахання, гэта – мараль студэнцкага
інтэрнату. Ах, колькім дзяўчынкам гэтая мараль сапсавала ўражанні ад першага
пачуцця! Застаецца толькі з палёгкай уздыхнуть, што гэтае няшчаснае дзяўчо
паспрабавала абраць месцам сардэчнага заспакаення ложак угандыйскага студэнта
– суседа па інтэрнаце, а не халодныя і цёмныя глыбіні найбліжэйшага вадаёму. Мараль асобна ўзятай сям’і, у
якой задае тон і вядзе рэй дэспатычная свякроў, псуе жыццё маладой гераіні Яўгеніі
Кананенкі. Родная сям’я па сутнасці падштурхоўвае яе ў кірунку панэлі, і яе шчасце, што аўтарка з адпаведнай
адказнасцю паставілася да лёсу сваёй гераіні і падарыла ёй нечаканую сустрэчу
з добрым і разумным чалавекам. У пранізлівы дысананс уступае лірычнае
“я” Юрыя Андруховіча, хваравіта схільнае да самоты і з галавой ідэальнай
сферычнай формы, з суворымі законамі войска, месца, якое, па азначэнні,
робіць са звычайнага чалавека “сапараўднага грамадзяніна”. Вось жа, Андруховіч і задаецца
пытаннем, ці можна зрабіць “сапраўднага сяржанта” з чалавека, які ведае,
колькі колаў у Дантавым пекле, а веды гэтыя патрэбныя савецкай арміі як
дзесятае кола ў этым самым пекле. А вось Валянцін Тарнаўскі
спачатку спрабуе заблытать чытача, апавядаючы сваю гісторыю ад першай асобы.
Не-е, дасціпны чытач хутка заўважае, што сапраўднае “Я” твору і “Я”, якое
гучыць на паверхні тэксту, – зусім розныя асобы. Мы бачым сапраўднага героя гэтага апавядання
вачыма яго ўладкаванага ў жыцці сябра. Відавочна, яны па-рознаму зразумелі
афарызм Вальтэра “Трэба апрацоўваць наш сад”, таму і атрымаўся таленавіты,
але шчыры і надта ўжо наіўны Алік “заўчасна згаслым парасткам” на “дрэве
жыцця”. Найбольш неадэкватнае
ажыццяўленне вылучанага намі канфлікту атрымалася ў наймаладзейшага з
перакладзеных спадаром Скурком аўтараў. Караценькае апавяданне, адпаведна з
сваёй назваю, чытаецца за пятнаццаць хвілін, але не дае ніякага заспакаення. Герой Уладзіміра Янчука, пісьменніка ўжо
наступнага пакалення, пакалення дзевяностых, – увасабленне абыякавасці, і
можна казаць ужо пра поўную адсутнасць канфлікту, бо чалавек, якому абыякавы
навакольны свет і яго насельнікі, не будзе ўступаць у супрацьстаянне з ім. Але, нягледзячы на тое, што ў
зборах твораў заўсёды цягне шукаць перадусім падабенстваў, аналогіяў, сходных
рысаў, агульных накірункаў і да т.п.,
у нашым выпадку гаворка ўсё-ткі пра збор твораў розных пісьменнікаў. Пяць аўтараў – пяць тэкстаў,
пяць светапоглядаў. Перакладчыку выпала цяжкая задача ўвасобіць у рамках
адной часопіснай публікацыі пяць розных манераў пісьма, і асабліва цяжкая
таму, што гэта караченькія навелкі. Гэта перакладаючы буйны твор можна
адносна расслабіцца, “намацаўшы” больш-менш стабільную манеру аповеду, а з
апавяданнямі гэтак не атрымаецца. Толькі, здаецца, падхапіў стыль, зразумеў
аўтара, разагнаўся, і... спыніся, бо пачынаецца новае, нязведанае. І
перакладчык здолеў на пачатку перадаць
сінтаксіс рабчуковай “Гісторыі аднаго кахання”, адрывісты, як размова і думкі падлетка. Пасля ўвасобіць на першы пагляд спакойны,
але на грані жаночай істэрыі (найвышэйшае майстэрства – не перайсці гэтую
грань!) тон твору спадарыні Кананенкі. Потым звярнуцца да амаль эпічнага (у
межах апавядання) Тарнаўскага з
ягонымі апісаннямі навакольнага свету, які згодна з традыцыяй спачувае
героям, сымвалізуе іх душэўны стан і сугэстыруе настрой твору. А пасля
яшчэ быў бездакорна-спакойны стыль Уладзіміра Янчука. І нарэшце ў фінале тэкст Юрыя Андруховіча, адметная (але, што праўда, не паноўная ў стылі) рыса
якога – доўгія, ускладнёныя ўсімі магчымымі сродкамі сінтаксісу сказы, як
быццам супрацьпастаўленая падлеткавай размоўнасці першага апавядання
публікацыі дарослая, інтэлігентная плынь свядомасці апошняга. Некаторыя з пералічаных вышэй
украінскіх пісьменнікаў прадстаўленыя
ў беларускамоўным літаратурным свеце не адным творам. Украінская літаратура
не з’яўляецца для беларусаў
“цёмным пакоем” не ў апошную чаргу дзякуючы Андрэю Скурку,
які ўжо даўно і вельмі плённа працуе з
украінскімі тэкстамі. Застаецца толькі пашкадавать, што ўсё гэтыя
аўтары знаёмыя беларускаму чытачу толькі па часопісным друку. Яны, безумоўна, вартыя буйных збораў сваіх
тэкстаў альбо, калі ўжо не асобных кніжак, дык прынамсі разгорнутых часопісных
“постацяў” з матэрыламі пра аўтараў і крытычнымі артыкуламі. А якасць
перакладу апавяданняў, надрукаваных у “Крыніцы”, вартая таго, каб беларускі
перакладчык не спыняўся на дасягнутым і працаваў далей, шукаючы і знаходзячы
для перакладу настолькі ж цікавыя творы. Вось жа, варта шукаць кветкі ў
цёмным пакоі, асабліва калі яны там ёсць. |
Джерело: Перекладацька
майстерня
Новини
сайту | Білорусь
- Україна | Форум