ARCHE - 2001,
№ 5Васіль Сёмуха
(1936, хутар Ясенец на Пружаншчыне). Найбуйнейшы беларускі перакладчык ХХ стагодзьдзя. У 90-я гады выйшлі ягоныя пераклады Ніцшэ, Гесэ, Грымэльсгаўзэна, Зюскінда. У ARCHE-Кабеты надрукаваны ягоны пераклад апавяданьня Інгеборг Бахман "Крок да Гаморы". Цяпер займаецца перакладам поўнага тэксту Бібліі на беларускую мову.Мікола Лукаш (1919, Кралявец Сумскае вобл. - 1988, Кіеў). У 1947 годзе закончыў Харкаўскі пэдінстытут. Загадваў аддзелам паэзіі часопісу замежнае літаратуры "Всесвіт". Геніяльна перакладаў з 18 моваў.
сьветліня
Васіль Сёмуха
Яму быў дар Святога Духа...
Шаноўны спадарy Л. Чараватанка!
Дарyйце, што звяртаюся так афіцыйна, але, на жаль, за літарай "Л." столькі прыгожых і гожых імёнаў, што адгадаць немагчыма, як Вас насамрэч завyць, а распытвацца ў Сяргея Яўхімавіча неяк няёмка, бо а раптам і ён не ведае - во смехy было б!
Я рады Вашамy лістy і шчодрамy "багряномy" дарyнкy. Шчыра дзякyю, бо яно і ёсць за што - такая кніга! такі паэт! - зачытваюся!
Вось прыдyмаў назвy - як заўсёды, самае цяжкае... Мне вельмі шкода і прыкра, што я асабіста не ведаў Міколы Аляксеевіча, і гэта, шчыра кажyчы, па маёй жа віне, але тое нічога не мяняе ў маіх адносінах да яго і да таго, што ён пакінyў нам. Дасылаю таксама картачкy сваёй персаналіі, раз yжо вам аж так закарцела не абысціся без яе, і сyпервокладкy выдання беларyскага перакладy "Фаўста" (гравюра мастака Арлена Кашкyрэвіча). На жаль, больш нічога няма, а сам я вершаў не пішy, бо не ўмею, а смяшыць людзей не выпадае.
І "Фаўста" свайго дасылаю - y пацверджанне сказанага ў допісе, а і крышачкy пахваліцца, што й "бyльбашы з зюзюкамі" сяго-таго дацямныя.
Як што ўсе вялікія святы тым часам мінyліся, віншyю Вас хоць бы з вялікім постам!
Но, то пиймо до дна,
бyдьмо та нікого не гудьмо!
Васіль
Менск,
Калісьці, дай Бог памяці - калі?, здаецца, у 1975 годзе, давялося мне па справах выдання ў Беларусі "Анталогіі ўкраінскай паэзіі" пабываць у Кіеве - першы і пакуль што апошні раз. Залатвіўшы ўсе службовыя справы ў Саюзе пісьменнікаў, наважыўся выканаць і другі пункт маіх кіеўскіх планаў: пазнаёміцца з Міколам Лукашом. А як што я быў чалавек заезны, дык рашыў - язык не толькі да Кіева, але і ў Кіеве куды трэба давядзе. Пачаў распытвацца - што? дзе? як? тэлефон? адрас?..
А лепш бы я і не пытаўся. "Таварышы" асцераглі: барані Божа, Лукаш такі-сякі-ўсялякі, няма ладy які! - а вы тут чалавек нетутэйшы, стасункі з ім небяспечныя, непажаданыя, мы яго з пісьменнікаў выгналі, а каб жа і вас не выгналі за падазроныя сувязі. Я змоўчаў, што мяне яшчэ да Лукаша з пісьменнікаў таксама выспяткамі турнулі, і таксама "за палітыку". Здаецца, нічога не траціў, а от жа ж дурнота набегла на чалавека, yзяў - паслухаўся: пахадзіў-пахадзіў вакол дома на вуліцы Суворава, дзе Мікола Аляксеевіч тым часам сабе пажываў, ды так і не адважыўся пастукацца ў дзверы. Так і не пабачыўся. А сёння і сорам, і жаль за сэрца бярэ, што быў малады і дyрны, а цяпер стары, нічога добрага не навyчыўся, а яшчэ й палавінy з таго, што ведаў, забыўся...
А былі ж мы ўжо добры дзесятак гадоў знаёмыя. На стале ў мяне з 1965 году ляжаў Лукашоў "Фаўст", падораны мне перакладчыкам з пажаданнем поспеху ў працы над перакладам гэтай святой для мяне кнігі. З таго часу і Лукашоў пераклад мне - святы, з таго часу і сам я - Лукашоў няўдаліца-вучань, і хаджу ў гэтым званні да гэтай пары, а і пакуль жыцьму.
Лепшага "Фаўста" на даступных мне мовах я не чытаў. Лепшы - толькі арыгінал, якому і след быць такім паводле літаратурнага статусу. А паводле ўпадабання майго сэрца яны - роўнасвятыя. Не верыце? - перачытайце Лукаша. Вось і мой ужо даўно па свеце гойсае, яго нават хваляць, бо неблагyю службу ў Беларусі нясе, але душой прыкіпеў я ўсё ж да Лукашовага, украінскага. Не пытайцеся чаму, гэтага я не ведаю, гэта ў фібрах душы. І не кажыце, быццам яно так з таго бо, што эмацыйна я не адчуваю хараства ўкраінскай мовы наогул і Лукашовай у прыватнасці. Сам я - берасцейскі (Пружаншчына) паляшук, дык украінская мне не такая ўжо і чужая. Нават вельмі не чужая! Далібог, нават свая! Як гэта там у Лукашовай ведзьмы-немкі? -
Та ось той сік, у цьому бутлю;
Сама я часто з нього дудлю
-
ну, дзе вы такую немку бачылі? ну, дзе яшчэ так скажуць, як не на Пружаншчыне? Толькі палешукі, а з украінцаў - хіба што Лукаш ды хто-колечы з недарэштаваных высокай рyciфікацыяй!
Не дзіва, што Лукашоў пераклад стаўся мне настольнай кнігай, а сам Мікола Аляксеевіч - настаўнікам. Самым аўтарытэтным у перакладзе. Вы гэта заўважыце, калі вам у рукі трапіць мой беларускі пераклад. Крытыкі яшчэ не заўважылі, бо яны любяць чытаць толькі сябе і таго (а й не заўсёды!), каго крытыкуюць. Крытыкавалі ж сваім часам і Лукаша - за залішнюю ўкраінскасць (?). Каб ім языкі паўсыхалі - знайшлі, бач, лішняе! І ім, і тым, каму сам Лукаш залішніўся! У беларускім перакладзе вы знойдзеце і наследаванні Лукашу, і перайманні яго, і пэўныя трактоўкі - усё гэта ўплывы ўкраінскага перакладу. Ёсць і поўная нязгода; напрыклад, Лукашова імітацыя чыста нямецкага кнітэльверсу на пачатку першай часткі "Фаўста" пераканала беларуса цалкам адмовіцца ад спробаў імітаваць нямецкі радок сродкамі беларускай мовы - гэта ж таксама ўплыў украінскага перакладу.
У беларускага перакладчыка, паўтаруся, Лукашоў пераклад ляжаў на стале. Рашаючы тую ці іншую задачу, заўсёды можна было і ў гатовы адказ зазірнуць, і пад гатовы адказ рашэнне падагнаць, і, як у кожнай людскай школе, на добры лад у суседа падгледзець і спісаць, перавярнуўшы ўсё так, каб непадобна было. Што зробіш - маленькія хітрыкі хатняй гаспадыні!.. Але я не саромеюся казаць пра гэта адкрыта і шчыра, бо ўсё на карысць пайшло. Вучыцца ў такога настаўніка, як Лукаш, не брыдка, а пачэсна; ясная рэч: "я часто з нього дудлю".
А вось "Баль у Оперы" Юльяна Тувіма ў перакладзе Лукаша я ўпершыню прачытаў, ужо маючы свой апублікаваны. Можна было толькі параўнаць гатовае з гатовым. І - дзіва! Я зноў пазнаў Лукаша ў сваім перакладзе. У спосабе мыслення, у разуменні арыгіналу, у яго трактоўцы. Нават у адступленнях ад арыгіналу (!!). Па тым, чаго няма ў польскім тэксце, але ёсць ва ўкраінскім і беларускім перакладах. Ці магчыма такое? А от жа - магчыма! Былі такія выпадкі і ў "Фаўсце", але там яны здаваліся мне чыста выпадковымі, апасродкаванымі ўплывамі. Гэта мяне радавала і радуе сёння.
І гэта дае мне права называць Міколу Лукаша сваім настаўнікам, хоць мы ніколі не бачыліся, і рукою маёю ён не вадзіў. Мы толькі ведалі адзін аднаго. Толькі некалькімі паштоўкамі абмяняліся. Ды адзін пра аднаго ў Рыгора Кочура распытваліся, які часта бываў у Мінску. Цяжкае долі быў чалавек, добрага сэрца быў чалавек - ён разумеў мае патрэбы.
І вось сёння гэтым карацюткім допісам маю сказаць людзям, як я не сустрэўся з Міколам Лукашом, але ніколі з ім і не расставаўся. Пра гэта - на паперы, астатняе - у душы. "...Аднаму даецца Духам cлова мудраcьці, другому cлова веданьня, тым cамым Духам; іншаму вера, тым cамым Духам; іншаму дар ацаленьня, тым cамым Духам; іншаму цудадзейcтвы, іншаму прароцтва, іншаму раcпазнаньне духаў, іншаму розныя мовы, іншаму тлумачэньне моваў" (1 Кар. 12:8-10). Па тым, што пакінyў нам, сябрам, калегам, yсім добрым людзям, мой yкраінскі калега і настаўнік, нават без асабістага знаёмства магy сказаць, як багата і шчодра ён быў адораны Богам даброцямі і мілатою праз вялікі талент тлyмачэння моваў.
Васіль Сёмуха
,перакладчык, Менск
Новини сайту | Білорусь - Україна | Форум