Андрэй Хадановіч
Пасланьне
да беларускага пошт–мадэрнiста


Вершы пад эпіграфам

Як цудоўна было ў кайфназоі!
Ты сядзеў сабе,
а пад табой
уздымалася Джамалюнгма.
Трэ было толькі сесьці на сраку:
вокаймгненьне — і ты на вяршыні.

Лешак Энгэлькінг*

* Пераклад з польскай наш (заўв. аўт.).

To belarus or not to belarus?
Тут вам не кайфназой, і землятрус
тут немагчымы, бо ляндшафт раўнінны.
А калі нават дасягнеш вяршыні —
кар’еру скончыш, быццам ліст асеньні:
у рэшце рэшт сядзець табе… на срацы!
 

Габрэйскае пытаньне

У цэнтры паганскіх дасьледзінаў
з грэкі й лаціны
мяне ўласнаручна вітаў
малады й пекны рабін
і нат запрашаў на Пурымы…
Я ледзь не згадзіўся.
 

Пасланьне да беларускага пошт–мадэрнiста

Слухаў нязмоўчны я гук лацiнскае боскае мовы,
   Хлопца насатага цень сэрцам зьбянтэжаным чуў.
Стала зайздросна: чаму я так не магу? Паспрабую
   Я гэтаксама пяяць — мо не такi ўжо й вярблюд?
Ведаю бо альфабэт, бо я гэтаксама пiсьменны,
   Бо гэтаксама магу стылем узьнёслым пiсаць!
Ведаю тэрмiнаў шмат: я з мэтадам творчым знаёмы,
   І пра кiрункi, i пра плынi я маю паймо!
Ведаю рымскiх сяброў, японскiх... Дарэчы, з табою
   Зьвёў я знаёмства. Чаму ж не >напiсаць да сяброў?..
Склалася ўражаньне, што я ўжо дзесяць дзён у Варшаве;
   Так мне, прынамсi, давёў шэраг тыповых прыкмет.
Першае: ямнiкаў больш за вельмi прыстойную колькасьць
   Ямаў, а звыклых катоў, як падаецца, няма.
І па–другое: вакол страчаю нязвыклыя шыльды
   Зь лiтарай „эр“ замест „пэ“ ў слове „аптэка“ праз „е“.
Як у сталiцы — Маскве, i што за навiны даходзяць
   З пэўным спазьненьнем да вас, ў места губэрнскае М.?
Тут я сустрэўся зь дзьвюма маскоўскiмi паннамi: ў польскай
   Чуюцца праз МДУ лепш за мяне, дый нашмат.
Але апошнiя днi па цэнтры амаль не сумую:
   З чым не знаёмы я там? Звыклых зьдзяйсьненьняў хада!
Калi пашчасьцiла ўжо ў iмпэрыi нам нарадзiцца —
   Лепш у правiнцыi жыць, тут альбо ў горадзе М...
З мораку, як мае быць, прыгожая выйшла паненка,
   З пальцамi, як мае быць. Я ў ёй Аўрору пазнаў
Па характэрнай крывi на яе пурпуровых пазногцях:
   Звычка прывабных дзяўчын — ладзiць сабе манiкюр...
Перарываюся: трэ да тутэйшага бегчы „АВІДу“,
   Каб неабходны мне штамп пашпарт мой не абмiнуў...
 

Твор свой апошнi стварыў: ў апытальнiку без выключэньняў,
   Быццам на споведзi, я шчыра на усё адказаў.
Добра цяпер на душы — сабе я сумленьне палегчыў,
   Ведаю, хто я, адкуль, што мне належыць рабiць.
Час свой марную цяпер у чарзе па часовую вiзу,
   Нават праз тыдзень якi маю яе атрымаць.
Так што я сёньня, на жаль, пачуваюся быццам удома;
   Сумна сьцьвярджаць, але факт: розьнiцы я не адчуў.
 

Некалькi сьцiплых заўваг зраблю я наконт лiставаньня:
   Спадчыньнiк рымскiх лiстоў, не прафануй гэты жанр!
Каб па амбiтных belles–lettres мы не атрымалi lettre morte,
   Трэба ў прыватных лiстох камэнтароў пазьбягаць.
Твой „ex infernis“ — амаль што „зь вёскi ад пэўнага дзеда“:
   Хочаш адказ атрымаць — адрас зваротны пакiнь!
А рэпартажы зь пятлёй на шыi, з–пад шыбенiц пiсьмы
   Твой папярэднiк табе ў горшых варунках пiсаў.
Для разьвiтаньня зь сябром (сяброўкаю?) меў ён падставы:
   Дыскурс i ўласная сьмерць там азначалi адно.
Колькi нашчадкаў яшчэ ў сваiх тэстамэнтах ты ўспомнiш?
   Колькi апошнiх „бывай“ кiнеш сябрам ты яшчэ?
Раз непазьбежна, што тэкст — адно падрыхтоўка да сьмерцi, —
   Ў лялечны Тартар iдзi, нiбы праўдзiвы Арфэй!..
І па–апошняе: ёсьць недарэчнасьцi ў вершаскладаньнi.
   Гучны пэнтамэтар наш, барбар, навошта псуеш?!
Страцiў павагу зусiм да скарбнiцы нашай культуры!
   Лепш ужо рымы ўжывай, калi сумленьня няма (еш)!
Лепш раскажы пра таго багатадазнанага мужа,
   Што аднавiў гарады: Трою, Пэргам, Ілiён!
Так будаваў, што цяпер усё гэта зноў не разбурыць
   Шлiман цi iншы габрэй! Aere perennius, дык!
Пра будаўнiцтва калён, пiрамiд, бабiлёнскае вежы
   Распавядзi мне ў лiсьце. Да будаўнiчых работ
Меў я цiкаўнасьць заўжды, стаць дойлiдам марыў зь дзяцiнства:
   Лепш за руiны дамы, бо не страляюць ва ўпор!..
Бачу знаёмы я твар: Аўрора iдзе з манiкюрам.
   Цэлыя соднi прайшлi, покуль пасланьне складаў.
Мне засталося дадаць: Carthaginem esse delendam!
   І праз чатыры гады тут расьцьвiце горад–сад!

30-31 студзеня 1997, Варшава

 

ARCHE, 1999, № 1

 

Головна сторінка | Андрей Хаданович | Форум


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)



Hosted by uCoz