газета беларускага калегіума
Сапраўды, хто ён? Незвычайная істота ці адзін з шэрага самых звычайных
выкладчыкаў? Пытаньне цяжкае і неадназначнае, але вельмі цікавае. Вырашыць яго
нам дапаможа неардынарная асоба. Гэта выкладчык БДУ (філфак), беларускі паэт і
перакладчык паэзіі (з французскай, польскай, нямецкай, украінскай моваў),
зразумела, выкладчык БК
Андрэй Хадановіч.
- Якія мэты Вы ставіце перад сабою, працуючы ў Беларускім Калегіуме?
- Звычайна ў сярэдняга студэнта-гуманітарыя, асабліва філёляга, у мазгох зьбіраецца процьма інфармацыі, пэўная колькасьць прачытаных кніжак, якія ніякім чынам не ўзаемадзейнічаюць міжсобку, ляжаць як бы на асобных палічках-зьвілінах, ізаляваныя адна ад адной.
Чытаючы лекцыйныя курсы БК, я наіўна спадзяюся навучыць слухачоў апэраваць гэтаю пакладзенаю ў іх галовы інфармацыяй, шукаць і знаходзіць заканамернасьці там, дзе, здавалася б, адно кніжны пыл і вэрхал. Вандруючы сьледам за вечным вобразам па краінах і эпохах, кожны з нас зьбірае сваю
прыватную калекцыю культуры. Я схільны бачыць у ёй ня марны філялягічны друз, а якраз тое сьмецьце, зь якога, як ведама, падчас прарастаюць вершы дый іншае пустазельле, дагэтуль неабходнае чалавеку.Ведучы заняткі так званай Перакладніцкай майстроўні, я імкнуўся сабраць разам колькі таленавітых аднадумцаў, каб падсадзіць на такую няўдзячную працу, як перакладаньне неперакладальнага. Хтосьці зь іх ужо дасягнуў у гэтым пэўных посьпехаў, у кагосьці ўсё яшчэ наперадзе, але культуртрэгерская шыза прысутнічае ў
кожным. У выніку паўстаюць цікавыя тэксты, якія ня сорамна друкаваць. Больш за тое, у працэсе сумеснай дзеўбаніны над творам кожны зь перакладнікаў можа перарастаць сябе самога, адкрываць у сабе новыя магчымасьці й бачыць, што гэта добра.- Чым розьняцца студэнты БДУ й БК?
- Навучэнцы БК істотна адрозьніваюцца ад звычайных студэнтаў. Іх ня скоўвае абавязковае наведваньне заняткаў, ня вабіць стыпэндыя дый іншыя вонкавыя стымулы. А таму ёсьць надзея, што прысутных слухачоў напраўду цікавіш ты сам і тое, што ты здольны апавесьці. А таму няма надзеі, што можна злавіць халяву: патрабаваньні да цябе найсур'ёзнейшыя й ты мусіш ім адпавядаць альбо застацца без слухачоў.
- Вашыя пажаданьні студэнтам БК?
- Тое самае магу пажадаць студэнтам БК: лавіце халяву ў іншым месцы. Зусім як у вядомым анекдоце: А галоўнае, хлопчык, каб ты добра вучыўся.
Джерело:
http://gbk.at.tut.by
Новини сайту | Білорусь - Україна | Андрей Хаданович | Форум |