Андрэй Хадановіч

ДАР ПАЭМЫ

 
Нябёсаў нэйлён і аблокаў бавоўна,
вышэй - біжутэрыя зор.
Ня вельмі каштоўна –
звычайны рымовы узор.
Далёкі подых слоўнай завірухі,
круцельскі рытм, упэўненыя рухі
самнамбулы. Напэўна, штосьці мела
мне распавесьці – слушна, зразумела –
гармонія, умоўная ojczyzna
moja. Бруднаю бялізнай,
карункавай, але ж усё чужою,
мне рэшткі сэнсу бачацца за ржою
з кагосьці запазычаных мэтафар:
амаль лямбард, дзе трансцэндэнтны явар
гукае адпаведную каліну
(яшчэ Бадлер казаў пра “адпаведнікі”
(глядзіце адпаведныя даведнікі));
кунсткамэра, лес сымбаляў, галіны...
Галіны сьвядомасьці – зьвіліны,
вачэй назіральныя шчыліны,
халодная мова,
зімовыя ўмовы
і верш, што таксама зімовы.
А пасьля толькі боты
пазамежнай кабеты
і на сьнезе сьляды,
што вядуць ў нікуды,
ў пазамежжа,
мне пакінуўшы толькі крывавы адбітак абцаса:
гэта верная муза
паела ад пуза
паэтычнае ежы,
паэтычнага мяса.

 

АПОВЕСЬЦЬ ПРА САПРАЎДНАГА ЧУЖЫНЦА

 

Я насамрэч чужаніца й нішто насамрэчна-чужынскае мне не чужое,
ненасамрэчна-чужынскае ці насамрэч-нечужынскае ўжо я,
нібы раба, забіваю на пляжы і, быццам араба, зь сябе выціскаю па кропле,
каб, стаючыся напраўду чужынцам ад капелюша да абцаса пантоплі,
з гонарам вымавіць: так, насамсправе, я ўжо наўсуцэль чужаніца,
бацька і маці таксама чужынцы, чужынка мая сужаніца,
сёстры й браты, і стрыечны пляменьнік, бабуля, і дзеці, і ўнукі,
нат ненароджаны праўнук ім зробіцца без аніякай прынукі,
нат спадкаемцы-нашчадкі, наступнікі покуль ня страцілі шанец –
кожны – прынамсі аднойчы – адчуе, што ён натуральны чужанец
(перапрашаю, чужынец), адчуе любою сваёю чужынскай вантробай,
кожнай чужынскай душэўнаю фібрай адчуе, што ён тут – пабочнай асобай,
ён тут сугней у самоце, мармоль у маркоце, закладнік такіх жа, як сам ён, дзікунак:
гэткія дзеўчыны не пакладуць ні жыцьця, ні каханьня на ўласны швайцарскі рахунак
сына сваіх марнатраўных бацькоў і наймарнатраўнейшага часу –
часу зацятых і палкіх чужынцаў, тае неўтаймоўнае, дзікае расы,
што аніколі ня будзе празь верных насьледнікаў, собскіх сыноў пераймацца
(хай ужо тыя насьледуюць і пераймаюць, калі не лякаюцца марнае працы!),
што прыбірае відзежы ў ядваб, аздабляе трызьненьні каштоўным каменьнем
і, імкнучы ў безназоўнай цямрэчы за пекным жаночым найменьнем,
кожнае ночы палюе на любасьць і песьціць запал запаволенай міны,
кожнага дня захлынаецца мрояй пра тое, чаго не было, але так, быццам проста гартае ўспаміны,
кожнага вечару ведае праўду, а зраньня ізноў дае веры – канец выдае на пачатак!
(мова мяне выдае, пане Зыгмунце!) – і, натуральна, ізноў памыляецца – дурань! ніякі ты мой не нашчадак! –
я ў тваім веку таксама жанчын унікаў, але гэта былі, насамперш, прыгажуні,
а, па-другое, сапраўдныя дзеўчыны, а не фантомы ўяўленьня – шальбэра й шыбуні:
калі ўжо грэбаваць, дык найпякнейшаю ў сьвеце істотай,
каб, карыстаючы з добрай нагоды ўглядзецца ў суладную нагасьць і ўчуць п’яны водар лістоты,
бачыць ня плоць алімпійскай красуні, бо нат багавіца чужынцу ня роўня,
а звычайнейшыя грудзі і сьпіны, і шыі, і рукі, і ногі ў мужчынскай пароўні
(зрэшты, у сьвеце празрыстых фіранак, дзе дома і сьцены віжуюць, за сценамі ж – блазны і вязьні,
найпрыдатнейшае сховішча – ў пары расійскае
лазьні!).

 

CANTO

 

Суцэльная цемра – хоць выкалі вока навокал.
ня бачна людзей, камяніцаў – нічога навогул.
Прыступнае вуху стварае далёкае водгульле
таго, што для наскага зроку няўгледнае ўвогуле.
Знадворнае цемрадзі чмур атачае крывізны:
мурынкаю ў чорных панчохах і з чорнай бялізнай
на пругкіх прывабнасьцях (звыклых, штоночных, спрыкрэлых!)
згушчаюцца гукі гурмою на хісткіх арэлях –
на гушкалцы словаў, у рухах хістальніка фразаў…
Абынач туга за абэцэдай месячных фазаў:
ні коўш-маладзік, ані поўня-малочная студня
ня ўгледныя сёньня, ня бачныя ў сьвятдні і будні
нікому й нідзе, бы ніколі ўгары й не было
апукі паветранай, што адбівае сьвятло,
шпурляючы кроплямі зоры, нібыта вясло,
якія ад нас крумкача засланіла крыло,
па ночнай красе нам
пакінуўшы тхліну і тло,
нябеснаму сонечніку надламіўшы сьцябло,
каб сьвет пакаціўся бярвеньнем, згубіўшы шуло,
туды, дзе шыбуня, махляр, балбатун, памяло,
што, сеўшы на зэдлік, Пэгаса загнаў пад сядло,
асадку трымаючы моцна, як быццам кайло,
на шыбіну гледзячы – чорнае ночнае шкло,
нібы да Гадэсу нясе залатое жазло
(лірычны вулкан расчыняе сваё жарало,
каб выпусьціць лаву – наступную рыфму на “ло”:
ён іх нагрувашчвае ў содні, лічы, паўкіло –
“Пятнаццатая!” – будзе шчэ! – ўсім паэтам назло
чарговы рэкорд зафіксуе папера-табло!),
сядзіць на вароўні, ад бессані змучаны Аргус,
пільнуе натхненьне, на свой касавурыцца аркуш:
яму, аркушэру й асадніку, льга спрабаваць
атрамантам сьвет зруйнаваны адрамантаваць,
і вось – ён гатуе чарговы няўежны тэрцэт,
паэт-вычварэнец, эпохі камічны фальцэт
.

 

Головна сторінка | Андрей Хаданович | Форум



Hosted by uCoz