І. Кур'ян, С.Мiнскевiч. Два эсэi пра Хадановiча


Некалькі дзён таму ў Кіеве выйшла кніга вершаў Андрэя Хадановіча “Лісты з-пад коўдры” (падрабязьней у навінах “Літары”).

Зьяўленьне ўкраінскай кнігі Хадановіча стварае незвычайны прэцэдэнт: аўтар, які шмат друкаваўся ў сябе на радзіме, але ж ня мае пакуль сваёй беларускай кнігі, выяўляецца запатрабаваным у іншай краіне, і там найперш выходзіць у сьвет яго зборнік. Шаноўным беларускім кнігавыдаўцам ёсьць пра што падумаць… Так і будзем чакаць літасьці ад замежнікаў? Ці, можа, час ужо прыходзіць нашым “рупліўцам культуры” са сваімі “рупіямі”?

А мы скарыстаемся з добрай нагоды для зьмяшчэньня тут сваіх рэфлексіяў пра Хадановіча ды ягоную творчасьць.

________________________________

Андрэю! Ты - маё вантробнае дзiця

Пагартаўшы руска-беларускі слоўнік, змушаная назваць Андрэя Хадановіча сваім вантробным дзіцём, бо менавіта так там перакладаецца слова утробный. Я парадзіха зь велізарным пузам БДУ-ушнага студэнцтва. Гэтая вантробнасьць вышэйадзначанай асобы, выстаўленай тутка і цяперка на “галготу аўдыторыі”, даволі трапная, бо сапраўды ў свой студэнцкі час Андрэй пакрыху выядаў мне вантробы.
Уступны экзамэн па літаратуры ён нібы ад сьціпласьці здаваў, заходзячы апошнім. Але нахабна сказаў, што не хвалюецца.
На курс дадатковай спэцыялізацыі па польскай мове прайшоў адразу, не займаючы месца ў чарзе. Польскую мову імправізаваў на падставе рускамоўных
перакладаў Лема.
На заняткі крыху спазьняўся. Яму даўно трэба было прыйсьці.
Не рабіў хатніх зацемак. Дагнаць яму нічога не каштавала.
Узгадваю яго яшчэ худым і зялёным (у зялёнай кашулі і зялёных шортах). Ён вырас.
Я памятаю яго яшчэ непаэтам. Мы шанавалі адно аднаго за вабанкамётнасьць.
Мы пілі на брудэршафт, каб ён называў мяне імём, а я яго па-бацьку.
Калі ён стаў паэтам, то гадзінамі карыстаўся маім кампутарам. Андрэя мне прыходзілася зачыняць і сыходзіць. Ён ня чуў. Ён варыў і смажыў паэзію да поўнай гатоўнасьці. Паэтычныя скваркі пырскалі грамчэй за бразгатаньне ключа. Страўнік кампутара стрываў.
Сёньня вынаходніцкая штучнасьць ягонай беларушчыны раўнаецца даўнейшаму адкрыцьцю полімэраў. Хадановіч выразна вымярае паэзію. Гэты плястык засьцерагае яго
ад іржы.
Я не пасьпявяю чытаць яго вершы. Трэба купіць абанэмэнт на цыклі чытаньняў.
Мае вантробы кірразуюцца ад шматкротнай дэгустацыі.
Гаворачы пра вантробнасьць Андрэя Хадановіча ў адносінах да сябе, адмоўлюся ад гэтага квазітэрміна ў разважаньнях пра
ягоную суаноснасьць зь беларускай літаратурай.
Мне заўсёды падавалася абсалютнай праўдай тэорыя антропацэнтрычнага адлюстраваньня чалавечай рэчаіснасьці. Дадаць да гэтага застаецца толькі падрабязны падзел на часткі чалавечага цела. Літаратура, якая ёсьць формай творчага пераасэнсаваньня навакольля, можа цэнтралізавана кіравацца ня толькі асобай, але і ейнымі, так бы мовіць, асобнымі часткамі.
Прымітывізуючы вобразнасьць параўнаньня, дазволю сабе суаднесьці беларускую літаратуру з сэрцам, як органам, што
фарміруе ў ёй душэўнасьць, сэнтымэнтальнасьць, сумленнасьць, лірычнасьць, сарамлівасьць, лагоднасьць, нешта яшчэ, што вырывае з твора разьвітальны лямант жорава ці бусла, шамаціць трысьняговай тугой над балотам, ператварае Зосяў і Ганначак у каліны ці адзінокія палявыя грушкі, а Лявонаў і Янкаў у явары ці клёны недзе побач.
Другім цэнтралізуючым органам беларускай літаратуры можна вызначыць хіба што працоўныя рукі. Змазалелыя, шурпатыя, ня схільныя да пяшчотных абдымкаў, яны агарнулі матывы працавітасьці і
трываласьці, неэстэтычнай простасьці і безэкспрэсіўнай стомленасьці. Працоўныя рукі простага люду накідвалі дазвол у беларускай літаратуры на нявытанчаную, цясаную сякерай працу, прысутнасьць цыпак на скуры, якая пры адпаведнай гігіене магла б зьзяць здароўем і песьціць густы чытача аксамітнасьцю.
Пагадзецеся, што далейшае цэнтралізаваньне пэўных органаў у беларускай літаратуры нейкім чынам прадказальнае. Ну не вымяраць жа сьвет брухам ці носам, левым ці правым вухам, нават ног, пры іх даўжыні, замала, каб
стварыць вакол сябе новае сэмантычнае поле літаратуры.
Дарэчы, на гэтым этапе ва ўмоўнага пісьменьніка яшчэ ёсьць выбар. Што зробіш, калі ён сам імкнецца да цэнтралізацыі менавіта тых органаў жыцьцяўспрыманьня, што зьмяшчаюцца ў адваротным баку ад галавы.
Застаецца толькі тэарэтычна абмежаваць кола літаратурных рэфлексій з прычыны дакананай абранасьці - суцэльны перасьлед і дыскрымінацыя плятанічнасьці, недасьведчанасьці і фрыгіднасьці, паступовая вульгарызацыя экспрэсіўных моўных сродкаў, як вынік вычарпанай імітацыі тэмпэрамэнту герояў, непазьбежнае агаленьне аўтара з фальсіфікацыяй важкасьці ўласнага міжножжа, гігантаманія пры літаратурным сутэнёрстве, аўтаматычнае параўнаньне мужчынаў з жанчынамі з пасьлядоўным распрананьнем іх жыцьця побач са страхам быць у гэтым западозраным, ціхі адыход ад набытых ведаў дзеля натуральнай парыўнасьці раёных палавых актаў. Прабачце, калі пацэліла. Такога тыпу літаратурная творчасьць трымаецца на зьбянтэжанасьці мас, яна фактычна даслоўна гвалціць умоўную беларускую бабулю-літаратуру, якая, каб прамовіць непаўторнае беларускае “ср…ка”, хавалася ў бульбу, не кажучы пра тое, каб тое агаліць. З боку гараджаніна выглядае на культывацыю вяскоўкі, што не дазналася ўсіх радасьцяў жыцьця і крыху прымусова іх атрымлівае. Такім чынам, пісьменьнік, што прапускае сьвет нібы праз зад ці быццам празь перад, становіцца ганаровым членам беларускай літаратуры.
Дзякуй Богу, гэта не пра Андрэя Хадановіча. Хадановічу на гэтым кірмашы пыхлівасьці пакінулі самы пацэнены тавар беларускай літаратуры - інтэлектуальнасьць і адукаванасьць. Хай мяне ядуць зьедам, але ж за галаву ў беларускай літаратуры ніхто надта ня браўся. Галаву ж трэба сыціць ведамі. Даць галаве ведаў - гэта ня тое, што, як у вядомай показцы, даць карове, казе, каню ці мужыку. Хадановіч ня цягне нават на вясковага настаўніка, які б крыху ўмеў зрабіць з натхненьня сечку ці вылежаць полаць свойскага літаратурнага сала. Выступаючы ў ролі сапіэнцізатара беларускай літаратуры, ён можа не практыкаваць перад стварэньнем новага літаратурнага вобраза. Ён толькі ведае. Не арэ, ня мроіць, ня тужыць да паступовага сьпіваньня, не зарываецца ў ложак, каб апісаць даставерна - проста ведае, стварае і вытанчае творы той часткай цела, што не абіраў дзеля пробы, а яму пакінулі як спадчыну. Ён, дарэчы,
і з выгляду галавасты.
Што ёсьць і будзе далей з Хадановіча? Нічога новага, і я ўжо казала:
Ён нахабна сказаў, што не хвалюецца.
Ён прайшоў адразу, не займаючы месца ў чарзе.
Яму даўно трэба было прыйсьці.
Дагнаць яму нічога не каштавала.
Ён вырас.
Ён гуляе ва-банк.
Ён варыць і смажыць паэзію да поўнай гатоўнасьці.
Ён выразна вымярае паэзію.
Трэба купіць абанэмэнт на цыклі яго чытаньняў.

Мае вантробы адпачываюць. Толькі б галава не балела.

Інэса Кур’ян

 

______________________

Плыў па акiяне сiнi кiт

Слова “дзевяноСЬЦІКІ” ў мяне заўсёды асацыявалася са словам “зубаСЬЦІКІ”. Магчыма, вінаваты ў гэтым характэрны “зубна-зубны” прыгук пры канцы слова. Тут вам ня “пЯТЫ” пяці-, шасьці-, сямі- і васьмідзесЯТЫх. Шпаркія акулкі-дзіўнахвоСЬЦІКІ шныраюць у акіяне часу. Зьбіраючыся ў чародку, нават могуць напасьці на вялікіх акул пяра. У імклівых хвалях-хвілях 90-х можна заўважыць і рух жвавых дэльфінаў, і палёт лятучых рыб, і пасьвіньне баракудаў на падводных поплавах, і кармёжку каракаціц на каралявых рыфах.
Да канца 80-х карціна беларускага літаратурнага акіяна нагадвала ціхую завадзь. Быў пэрыяд, калі ён, малады, палымяны і ўзвышаны, пераўтварыўся СПачаку ў мора, а пасьля ў штылёвае возера. Трошкі скаланулі яго тутэйшыя павевы, пасьля пранёсься вольны таварыскі вецер. Вось тады адзін рOзумнік сказаў: “Прастора набрыняла рухам”, - то-бок трэБа Большая пЛынь, вір, струмень! І рУХ пайшоў!
Як неба без арла, як суша без ільва, так акіян ня можа быць без кіта! Наш герой ня сіні цуд-жуд, гмах-жах, але ж і не малая
касатка. Што хацелася б “выцэдзіць” з гэткай разгорнутай акіянічнай мэтафары, дык гэта тое, што кіты доўгі час выкармліваюць сваіх маляткаў густым калярыйным малаком. Вось і наш герой на раньняй стадыі свайго пэтычнага станаўленьня сілкаваўся, нібы кіцянё малаком, францускім красным пісьменствам, зь якога і набраўся мудрыні, стыліні і густу.
Усякая літаратурна-мастацкая, філязофская ці культурніцкая плынь павінна мець “асобаў-кандэнсатараў”. Тых цэнтральных постацяў, якія ўтрымліваюць яе, не даючы ёй спыніцца ці перамяшацца зь іншымі. І хаця на пэрыфэрыі плыні адбываюцца падобныя працэсы, цэнтральны струмень рухаецца наперад. Як правіла, такія асобы зьяўляюцца трошкі пазьней самога ўзьнікненьня новае зьявы і пэўным чынам супрацьстаяць ёй, адбіраючы, захоўваючы і кандэнсуючы найбольш каштоўныя элемэнты.
Андрэй Хадановіч, постаць якога ў дадзеным АРТыкуле мы маем ПРАРЭнтГенАВАЦЬ, узьнікае ў белЛІТрыстычным дыскурсе толькі ў другой палове 90-х у арэоле беларускага постмадэрну. Аднойчы ён нават браў удзел у акцыі Бумбамліту і далучаўся, прынамсі, праз Nihil да адЗНОйдзеньня прасторы Другога фронту мастацтва. Аднак было б памылкова залічаць яго толькі да дзейнікаў гэтага рэчышча. Таксама няверна было б казаць, што Бумбамліт ці
Nihil - гэта прадцечы гэтай творчай асобы. Уся шматвэктарнасьць і шматпалярнасьць беларускага літаратурнага працэсу пары ўступленьня ў постмадэрнізм, яго разламаны “крыгаходны” характар, - вымагала, ці лепей сказаць - чакала зьяўленьня творцы цэнтрамкненнага. Хадановіч, будучы ўжо літаратурна самавыгадаваным, быццам каштуючы на смак і густ, розныя плыні белліту, прымае менавіта цэнтральную.
Творчая адасобленасьць, адметнасьць і незалежнасьць Хадановіча відавочная. Але ж немагчыма казаць пра яго варожую супрацьпастаўленасьць усяму. Парадаксальна, знаходячыся ў цэнтры беларускага літаратурнага працэсу, ён стаіць тварам да ўсіх, і зусім не як двухаблічны Янус. Яго думка нязьменная - усе літаратурныя зьявішчы маюць патэнцыйную цікаўнасьць. Такая аб’ектыўнасьць ідзе не ад заангажаванасьці пэўнымі літарганізацыямі, суполкамі, не ад карпаратыўных інтарэсаў, дзе часам пагоня за даСтаткам не дае права казаць штосьці станоўчае пра канкурэнтаў, а ад самой творчай пазіцыі, якую можна акрэсьліць як клясіцыстычна-постмадэрнісцкая.
Выкшталцонасьць веды і формы - галоўны крытэр, згодна зь якім ён дае жыцьцё сваім творам і ўспрымае іншыя. Але ж веда не выконвае ролю асьветы, гэта інструмэнт дасягненьня асалоды розуму, а форма - інструмэнт сатварэньня хараства. Таму вялікая ўвага надаецца “штылёваму смаку” слова. Адсюль сымпатыі да моўнага пурызму. Інтэлект, густ і пры гэтым фэнамэнальная памяць, што дазваляе нашаму герою заўсёды мець для апэраваньня вялікі эрудыцыйны багаж, спрыяюць паўставаньню твораў зь вельмі шырокім культурніцкім полем. Улюбёныя прыёмы Андрэя Хадановіча - інтэртэкстуальная гульня, калямбурыстыка, іронія. Да паэтычных шэдэўраў можна аднесьці яго калядныя “Пасланьні да нацыі”, “Ліст на свабоду”, “Львоў”, “Насьледаваньне Гарацыю”. Чысьціня формы, выкшталцонасьць веды, адточанасьць стылю - прыкметы клясіцызму; гульня слоўная, інтэртэкстуальная, відавочная адсутнасьць МАРАлізатарства і прымату адзінаправільнага мастацкага кірунку - характэрныя рысы постмадэрнізму.
Амаль немагчыма выявіць у Хадановіча творчага эгаізму, бо яго талент абслугоўвае ня толькі ўласны самакаштоўны літаратурны прадукт, але і літпрадукты іншых постацяў і эпох. У яго асобе ў гарманічных прапорцыях спалучаецца перакладчык і паэт. І перакладчыцкая дзейнасьць падсілкоўвае яго творчую энэргію, узбагачае ведаю і стылёвымі нюансамі.
Зрэдчас у некаторых тэкстах Андрэя Хадановіча можна адчуць імкненьне “пераўтрамбаваць” фразу шматсэнсавымі пластамі, асобныя зь якіх даступныя толькі “вузкапрафіляваным” спэцыялістам. Гэта дае падставы казаць пра пэўную гермэтычнасьць яго творчасьці. Тайна ж адкрываецца толькі тады, калі ты прачытаў хаця б на адну кнігу больш за аўтара.
Дык што? Зноў мы маем справу са старымі пастулатамі мастацтва для мастацтва: веда для веды, форма для формы?… У прынцыпе гэта лепей, чым мастацтва для праформы… А ці магчыма цяпер падысьці да Андрэя Хадановіча і на поўным сур’ёзе запытацца, якую ролю у яго творчасьці адыгрывае паняцьце “народнасьці мастацтва”? У эпоху постмадэрнізму, што, хоцькі-няхоцькі, прыйшла ў Беларусь, сумнеўна нават казаць пра дэмакратычнасьць мастацтва.
Можна дапусьціць, што мэта мастацтва, паводле Андрэя Хадановіча, - гэта наталеньне інтэлектуальнае прагі. Хто мае такую прагу - таму і дараваныя яго творы.
Але самому Хадановічу гэтую прагу ня можа задаволіць ні эпатаж, ні станоўчыя ці адмоўныя сэнтымэнты, закладзеныя ў тэксьце. Ва ўсім павінна быць разумная сУладнасьць. Таму, натуральна, што яму ўласьціва скептычнае стаўленьне да РАмаНтЫзму і яго сучасных рэІнКАРнАцыяЎ.
Увогуле беларуская літаратурная прастора дзеліцца на чатыры (2+2) вялікія плашчыны - рамантыкаў-постмадэрністаў і архевістаў-нэакансэрватараў, традыцыяналістаў-адраджэністаў і пісьмаахвотнікаў. Зь першымі трымя Андрэй Хадановіч у сваёй творчасьці сумяжуе, чым зьядноўвае, а захоўваючы сваю апазыцыйнасьць - стварае той станоўча-адмоўны патэнцыял, што ў сваю чаргу зарадамі ідэЯЎ падсілкоўвае ўсю прастору беларускае ліТАРаТУРЫ.

Серж Мiнскевiч

P.S. Апрача літаратара, унікальная постаць Андрэя Хадановіча зьмяшчае ў сабе таленты пэдагога і барда. І нават для песенькі, радок зь якой быў узяты для назвы артыкулу, ён падказаў мне адзін прыгожы музычны ход.

2002 © litara.net

Головна сторінка | Андрей Хаданович | Форум

Hosted by uCoz