Андрэй Хадановіч
Выбраныя месцы
зь ліставаньня Івана Жахлівага
і Н.К. Крупскай


 

1.
Хто гэта ў фінскай глушы на балоце, прабач, на самоце,
Воддаль ад блізкіх сяброў, ціха і проста жыве?
Ці ж гэта ты, ma chйrie, сяброўка дзяцінства й юнацтва,
Тая Надзея, з якой разам вучыліся мы?
(Знаю, ты ў Смольным, а я ў Царскасельскім Ліцэі вучыўся.
Ну, не крыўдуй, што з таго? Нельга і пажартаваць!)
Пэўна, сумуеш: даўно не было таварыскіх пасланняў;
Пэўна, пазнала мой стыль. Не памыляешся — я.
Маю надзею, што ты мяне зразумееш, Надзея,
Што адгукнешся на мой прыхапкам складзены ліст,
Што да прызнанняў маіх паставішся ты із спагадай,
Не крытыкуючы шмат верша слабога майго.
Цяжка і вусцішна мне ў славянскім братэрстве ўладарыць:
Кожны славянскі народ сёння — нібыта чужы.
Фін і тунгус, і калмык выракаюцца блізкасці з намі,
Больш не жадаючы чуць голасу роднай крыві.
Толькі адзіны народ майго не пакінуў дагэтуль —
Гэта, сумневаў няма, твой шматпакутны народ.
Але нялёгка і з ім, бо ёсць яшчэ ворагі, Надзя,
Радыя нас
пасварыць ды разбурыць наш саюз.
Ворагам нумар адзін стаюцца кабеты: упарта
Дзетак не хочуць раджаць — ўзброеных сілаў рэзерв.
Я ім шматкротна казаў: раджайце, а мы дапаможам!
Быццам не чуюць — пайшлі ўсе намаганні на глум.
Ёсць яшчэ вораг другі — ветэраны вайны: паміраюць,
Вузячы смерцю сваёй кола надзейных сяброў.
Трэці мой вораг… лічы ворагамі ўсіх засталых,
І не памылішся — ўсе скону чакаюць майго!
Веры не варта даваць нікому, ды ўсё ж найгнюснейшы
Вораг — нацдэмаўскі рух, спаць па начах не дае!
Гэтыя казаннікі ўсе калабарацыяністы
(“Казаннік”, знаеш сама, — гэта ад слова “Казань”),
Нашую Русь прадалі, хаўрусуючы з ханам казанскім,
Што незалежнасць ад нас здраднікам паабяцаў.
Ды памыліліся зноў, пацярпеўшы на Волзе паразу:
З кім не ўступай у хаўрус, а пераможа Масква!
Вось жа, ці варта з Масквой сварыцца? Мо лепш жыць у згодзе?
Добра падумай. Адказ можаш даслаць мне лістом.
23 жахлівага 1552, Масква, Маўзалей


2.
Вечна жыві, гаспадар Вялікай, Малое ды Белай,
Наскай зямлі камандзір, вельмішаноўны Янук!
Карэспандэнтка твая, нявартая царскае ласкі,
Ліст атрымала і вось склала нарэшце адказ.
Перапрашаю найперш за колькасьць памылак: кампутар
Покуль ня можа, на жаль, правапіс рэдагаваць
(Артаграфічны кантроль у маім “адзінаццатым вордзе”
Для “тарашкевіцы” ёсьць, а для “наркамаўкі” — не);
Якасьць паперы і друк чорна–белы даруй, калі ласка;
Выбач за вузасьць палёў, за неразборлівы кегль
(Шмат апавесьці хачу, а паперы запас невялікі:
Трэ берагчы, бо ізноў дрэвы шкадуе “грынпіс”!);
За эканомны рэжым пры
друку вось гэтых бачынаў
(Хутка ў краіне зусім зьнікне атрамант) прабач!
Толькі надзея жыве й працавацьмем і ў горшых варунках.
Раны няўісьненых мрой загартавалі нам дух.
Зьзяе празь цемру й адчай нам памяць пра сьветлае Ўчора,
Боскі агонь барацьбы ў роспачы грэе душу:
Зь ім прачынаемся, зь ім кладземся штоночы мы ў ложак,
Нават у вусьцішных снох думаем пра Беларусь;
Зь ім умыкаем і зь ім вымыкаем штовечар кампутар
І, націскаючы “выкл”, згадваем пра ВКЛ!
Мусім вас перамагчы, але ж мы не бязглуздыя дзеці,
Каб да пары адкрываць ворагу нашую моц.
Пільныя, будзем ад вас, як рэцэпт верасовага мёду,
Тайную зброю хаваць — родную мову сваю!
Беце ж у сэрца мячом, чужынцамі быць не давайце,
Кідайце нас у вагонь ды аблівайце вадой
Нашыя целы ў мароз! Ня скорымся ды захварэем ––
Вам жа пасьля для ахвяр прыйдзецца лекі купляць!
Дык памятай, душагуб, пакараеш — рыхтуйся да помсты!
Ледзь толькі пальцам кранеш… ледзь толькі… лепш не спрабуй!
8 зэкавіка 1937, фальварак Вязьні і К


3.
Богу роўным станецца той смяротны,
Што будан сямейны з табой раздзеліць,
Раявацьме побач з такою порсткай,
Палкай кабетай!
Твой пяшчотны голас пачуе зблізку,
Любы твар убачыць у сне й наяве,
Лёгкае дыханне па кроплі вып’е
Ў цёмных прасадах!
Навярзе на вушка нясціплых рэчаў,
А пасля занурыць у пацалунках:
Пацалуеш раз, а юрлівым вуснам
Хочацца болей…
Дай яму спазнаць і дабра, і ліха,
Дай яму сарваць незямное веды
З дрэва каталогаў твае машыны
З назваю
“Apple”!..
Мушу скончыць ліст: пару пільных справаў
Маю вырашаць, а найперш — павешу
Ўсіх стральцоў. Чакаю твайго адказу.
Да пабачэння!
1 крэсавіка 598 (?) да н.э., выспа Віскас


4.
Не хвалюйся, Янук: сябру і мужа я
Ўсім на зайздрасьць знайшла (перадусім — табе).
Гарт прайшоўшы ў баёх, кулі і кайданы,
Ён — праўдзівы змагар, вонкава і ўнутры!
Вой, спартовец, мысьляр… цяжка й пералічыць;
Тройчы доктар навук быў бы, каб не царызм.
Шмат тамоў напісаў, ды напісаць яшчэ
Можа — толькі скажы! Ён у мяне такі!
Розум бачны ва ўсім: лысіна і вусы
Сталі сымбалем для ворагаў і сяброў.
Бацька простым людзём, мсьціўца за свой народ,
Што цярпеў ад паноў, потым — ад спадароў!
Трывалейшы за сьпіж гойстрых тваіх сякер,
Трывалейшы за медзь дробных тваіх манэт!
Мо і сьмешны камусь, ды зразумела ўсім:
Льга сьмяяцца зь яго — цяжка перамагчы!
9 страўня 25 да н.э., Капытоль


5.
Мір табе, жэншчына–вамп, дыстрыбутар чужое харызмы!
Salve, сяброўка чужых дзён і суворых начэй!
Мужа твайго пачытаў: стары Крупскі амаль бездакорны.
Спрактыкаванай рукі ўгледзіш адбітак на ўсім.
Працы, нібыта сады, красуюць рыторыкай цуднай:
Кожны чарговы абзац, ведаеш, — поўны абзац!
Слова — пялёстак, а сказ — нібы кветкаю водар струменіць,
Тэзы і ў лютым цвітуць, бы на дварэ красавік!
Рацыю мае заўжды, як і стос нелегальных газетаў,
Што кантрабандаю ў Мінск возіць злачынец–габрэй
Мытнікам наперакор; дый з мытняю нешта не тое,
Калі службовец яе прозвішча носіць Русо!
Зрэшты, навошта казаць пра мытню? Усё ў заняпадзе!
Так, для краіны маёй — выпрабаванняў часы!
Дрэнная спадчына нам дасталася ад ветраных продкаў,
Што марнатраўна жылі і рабавалі зямлю:
Глебу, паветра, ваду, карысныя выкапні, багны,
Дрэвы, хмызы і траву, птушак і свойскіх жывёл,
Станцыі і цягнікі, масты, самалёты і танкі,
Карнікаў і партызан, вёсачкі і гарады,
Помнікі, скверы, сады, прыбіральні і бібліятэкі,
Лазні, музеі, кіно, шапікі і кірмашы —
Знішчылі ўсё, і цяпер нам не засталося нічога.
Як жа дзяржавай такой, людам такім кіраваць?
Да пабачэння, сястра па крыві! Сужанцу прывітанне!
Хай ён краінай сваёй правіць не горш ад мяне!
22 чэргеня 1994, Пляўкі


6.
Дзякуй за ласку, Янук, за клопат пра нашыя лёсы!
Не дачакаесься — шчэ, дзякаваць Богу, жывем:
Хоць і ў падмосьці, але ж — на рэшткі гішпанскага гранта;
Трохі зь Ізраілю шле сябра наш, новы габрэй.
Ёсьць яшчэ шэлег–другі ў сямейнай скарбонцы і можна
Нам спадзявацца, пакуль дыхае спонсар–другі!
Мой сужанец не дурны, бо ведае добра, зь якога
“Сораса” вершы растуць дзяржвыдавецтвам назло.
Доступам у “Інтэрнэт” і сканэрам, і факс–мадэмам
Ён свой працоўны будан абсталяваў пакрысе,
Ператварыўшы Разьліў у друкарню нацдэмаўскай прэсы, —
Мроіць, што некалі ў нас зь яскаркі ўспыхне агонь.
Ведае, як захапіць у краіне чацьвертую ўладу,
І неўзабаве ўвесь друк будзе трымаць у рукох:
“Нашую Ніву” й “ARCHE”, “Крыніцу”, “Навінкі” і “Вулей”,
“Полымя”, “ЛіМ”, “Першацьвет”, “Вожык”, “Славянскій набат”,
“Юманітэ”, “Ню–Ёрк Таймс”, “Маскоўскія новасьці”, “Шпігель”,
“Таймс”, “Фігаро” і “Плэйбой”, “Монд” і “Вястун БДУ”…
Процьму выданьняў яшчэ неўзабаве паўсюдна захопіць.
Будзе занятак рукам — стосы паперы трымаць!
Заўтра — падшыўкі газэт, пазаўтра — вярхоўную ўладу!
Веру, таварыш Янук: прыйдзе, нарэшце, пара
Браць тэлеграф, тэлефон, тэлебачаньне з тэлемастамі,
Банкі, казармы, мэтро, фабрыкі і казыно,
Крамы, гатэлі, бістро, цырульні, малельні, патэльні,
Турмы, архіў КДБ і пастарункі ДАІ,
Помнікі, сквэры, сады, прыбіральні і бібліятэкі,
Лазьні, музэі, кіно, шапікі і кірмашы,
Станцыі і цягнікі, масты, самалёты і танкі,
Карнікаў і партызан, вёсачкі і гарады,
Глебу, паветра, ваду, карысныя выкапні, багны,
Дрэвы, хмызы і траву, птушак і свойскіх жывёл —
Возьмем усё! Толькі вас, крыважэрцаў праклятых, ня возьмем!
Нат не прасеце!..
7 глістапада 2017, Сьвенск–Вялікалітоўскі

Головна сторінка | Андрей Хаданович | Форум

Hosted by uCoz