НАША НІВА

№ 38 (300), 11 кастрычніка 2002 г.

Кніга вершаў Андрэя Хадановіча “Лісты з-пад коўдры” пабачыла сьвет не па-беларуску, а па-ўкраінску. Для яе прасоўваньня на рынку выдавецтва “Факт” запрасіла беларускага паэта выступіць з прэзэнтацыямі ў Львове, Івана-Франкоўску, Кіеве і Харкаве. Андрэй Хадановіч — пра сталіцу Ўкраіны, Даніла Жукоўскі — пра кнігу, што ня выйшла.

“Маці гарадоў рускіх” Кіеў пакідае незабыўнае ўражаньне. Вялізарныя памеры й адносна вузкія вуліцы ствараюць выбухованебясьпечную сумесь і ўвесь час пагражаюць транспартнымі заторамі. Зь якім запасам у часе ні прызначай сустрэчу, усё адно не пасьпееш: тэрытарыяльныя адлегласьці о-го-го! Здавалася б, тут для пасажыраў усе выгоды: тры лініі мэтро, да халеры адносна танных маршрутных мікрааўтобусаў, што курсуюць праз кароткія інтэрвалы часу. Усё адно не хапае! Таму “маршруткі” набіваюцца як нашыя тралейбусы ў гадзіны пік, а кіеўскія тралейбусы!.. Раз-пораз на прыпынку, калі даводзілася прапускаць чарговы бітма набіты транспартны сродак, у мяне вырывалася шчырае: “Як тебе не любити, Києве мій!” А пасьля ўспаміналася з майго ўлюбёнага Сяргея Жадана: “Украіна — гэта вялікая рака, перасячы якую абломваюцца нават птахі й далятаюць адно да сярэдзіны”.

Апошняе — ня толькі жарт. Прамежкавасьць, сярэдзіннасьць, “палавіннасьць” пройдзенага Ўкраінаю й Кіевам шляху адчуваецца ва ўсім. Сьветлае сацыялістычнае мінулае й яшчэ сьвятлейшая капіталістычная будучыня суіснуюць на кожным кроку. Да болю пазнавальны й родны сэрцу менчука “сталінскі ампір”. Грунтоўна, на вякі зробленыя будыніны з шматмэтровымі літарамі надпісаў наверсе. Але ўвага: зьмест надпісаў нагадвае, што ты ня ў Менску. Там, дзе ты прызвычаіўся чытаць: “Подзьвіг народу несьмяротны”, красуецца рэкляма піва “Славуціч”. Купляйце ўкраінскае!

Андрэй Хадановіч, Кіеў—Менск

 

“Хрызаліда, кукалка, каўшанка…”

Фігура Андрэя Хадановіча аб’ядноўвае ў сабе дзьве зьявы: эмансыпацыю беларускае паэзіі ад клясычна-вясковага кораню і ператварэньне паэта зь беларускага інтэлігента ў беларускага інтэлектуала. Што праўда, пакуль у ювэнільнай стадыі:

Ты сядзіш, схаваўшыся ў альтанцы,

пішаш мудрагелістыя станцы.

Вязень слова, кемлівы штукар,

апалонік, малады Ікар.

“Руплівец культуры”

У ягонай даволі аб’ёмнай кнізе “Лісты з-пад коўдры” (што выйшла па-ўкраінску, а на беларускай мове існуе ў электронным варыянце) я не сустрэў ніводнае вясковае асацыяцыі. Хадановіч — гарадзкі паэт, “шараговы насельнік вялікага места” (“Падвойны агент”). Горад гэты ня мае выразнага геаграфічна-архітэктурнага аблічча. Душа паэта льне да атмасфэры гарадзкога жыцьця, а не да матэрыяльных сымбаляў. Горад — гэта месца, дзе чалавек можа кахацца, складаць вершы, філязофстваваць, капацца ў сабе, піць напрапалую, вар’яцець і нават учыніць самазабойства. Інакш кажучы — прысьвяціць сябе ня-працы, не губляючы пры гэтым сродкаў для існаваньня і повязі з грамадзтвам.

Пачуцьці Хадановіча можна параўнаць зь сярэднявечным “гарадзкое паветра робіць чалавека свабодным” або з сучасным “don’t worry, be happy”; што праўда, выяўленьне іх даволі стрыманае і з пэўнай доляй горычы.

Горад-машына злаваў Багушэвіча і захапляў Багдановіча, але застаецца амаль незаўважным для Хадановіча. Ягонае места — горад ня фабрыкаў, а выбрыкаў, а таксама кастальскае цішыні і асаблівай самоты, што дораць нашаму сучасьніку жыцьцё ў мэгаполісе й праца ў акадэмічных колах. Але гэтае пачуцьцё ня новае. Хваласьпеў месту Ўрук пакінуў нам аўтар міту пра Гільгамэша (3,5 тыс. год да н.э.), тысячы пёраў уславілі велічны Канстантынопаль, Рым, Парыж, Лёндан, Дублін... Радасьць месьціча, пачуцьцё вызваленьня ад абавязку вясковае штодзённае няўдзячнае фізычнае працы трываюць нязьменнымі ад першых крокаў урбанізацыі.

Гарадзкое жыцьцё з гэтага гледзішча часьцяком паўстае ў выглядзе карнавалу. Будзённыя справы функцыянаваньня гарадзкое гаспадаркі абмінаюць служку музаў. Удзел у жыцьці места можа быць лёгка абмежаваны амаль неадчувальным мінімумам кшталту хаджэньня па вуліцах і наведваньня крамы.

Ад сваіх заходніх, перадусім францускіх настаўнікаў-паэтаў Хадановіч узяў рамантычнае ўсьведамленьне наяўнасьці ў карнавале ня толькі сьветлага, але й цёмнага бакоў. У Хадановіча цёмны бок мэдаля заўсёды праглядаецца праз бляск сьветлага, кладучы на малюнак глыбокія цені. Мо адсюль захапленьне легендай пра Фаўста і вобразным шэрагам шабасу, якім паэт прысьвяціў не адзін твор. Ад французаў ён узяў слова “макабрычны”, ад немцаў — напаўненьне ягонага змрочнага сэнсу матэрыяй будзённасьці:

Красуня на мятле й рагаты волат

мілуюцца й рагочуць па-людзкі,

твой сябар Мэфістофэль (ён жа – Воланд).

Што за народ? Вядома ж, землякі.

“Бессань у ноч Вальпургіі”

Няма ў Хадановіча й пэйзажаў. Ён ня цэніць натуральнага, самохаць выраслага з глебы, вады і сонца. Яго вабяць рэчы рукатворныя: артэфакты і гамункулы. Рэальна існыя асобы саступаюць у ягоных творах першынство стварэньням чалавечай фантазіі: кніжным і міталягічным пэрсанажам.

Моўная стыхія тэкстаў Хадановіча жывіцца падручнікамі ды малатыражнымі слоўнікамі. Наймацнейшы аргумэнт беларускіх мастакоў слова “ў нашай вёсцы гэтак кажуць” немагчыма ўжыць да Хадановіча — няма вёсак, дзе б гаварылі па-ягонаму:

Вось толькі не зламі сабе хрыбет,

калі лунацьмеш кірляю на крылах

кірыліцы – кароль, фігляр, факір

з дэльфійскаю каронай набакір –

абраньнік муз, што любяць тупарылых.

“Art poétique”

Няма пушчаў і гоняў, якія натхнілі паэта на верш з назваю ад Вэрлена, эпіграфамі ад Аляксандра Пушкіна і Эзры Паўнда ды лексыкай, настоенай на слоўніках Ластоўскага ды Станкевіча. Сьведкамі натхненьня бачацца кастальская кельля дасьледніка, унівэрсытэцкая аўдыторыя, бібліятэчная заля.

Прыгадаем традыцыйныя для беларускай літаратуры ўзьнёслыя эпітэты да слова “слова”: спавядальнае, жывое, роднае, крынічнае, жыватворнае і г.д. Слова Хадановіча пранізьлівае, корсткае, пернае, аскомістае, учэпістае — ані каліва “традыцыйнае” лагоднасьці. Лексыка па-гарадзкому сынкрэтычная, сувязі паміж словамі — падкрэсьлена расхістаныя. Паэт захоплена гуляе сэнсамі, ствараючы нечаканыя спалучэньні:

Увага

ваганты

не вагаюцца

ў вагоне

Паэт надае вялікае значэньне будзённым людзкім учынкам. Магія, сьвятасьць, хараство, цуд існуюць у разнастайнай людзкой дзейнасьці, адным зь відаў якое зьяўляецца паэзія.

вунь мінак юнак недарэка

мутны погляд шчасьлівы твар

прэцца ў пошуках чалавека

чырванее пад вокам ліхтар

“***кожны старт азначае фініш”

У сумных постацях карнавалу гарадзкіх будняў паэту бачацца пэрсанажы найбуйнейшага калібру, у найзвычайнейшых справах вечна паўтараецца поўны таямнічага і высокага сэнсу рытуал:

вось Бальтазар з батонам,

вось Мэльхіёр зь бідонам –

на пацеху мадоннам

крочаць “Раствора-Бэтонным”.

“Раство на “Раствора-Бэтонным”

У гэтым мне бачыцца своеасаблівае выбаўленьне Хадановіча, паратунак ад інтэлектуальнай чэрствасьці, якая адштурхоўвае ў тэкстах, скажам, Борхеса.

Сёньня думка Хадановіча хутчэй парадаксальная, чымся глыбокая, фраза — хутчэй экстравагантная, чымся прыгожая, фармулёўка — хутчэй кідкая, чымся дакладная, пачуцьцё ж — сублімавана-інтэлектуальнае. Моўныя гульні прыводзяць на памяць студэнцкія гады, калі гэтым бавіцца ці ня кожны. Урбаністычная атака на нацыянальныя паэтычныя каноны таксама нагадвае юнацкі бунт. Але два вершы — “Раство на “Раствора-Бэтонным” і “Калыханка для маладога літаратара” дазваляюць казаць пра сталеньне паэта. Аўтар паступова вызваліўся ад юнацкага пачуцьця несьмяротнасьці, адчуў і перадаў чытачу разуменьне першаснасьці жыцьця перад макабрычнымі прывідамі, штохвілінную пагрозу жыцьцю й неабходнасьць яго бараніць перад “халоднымі крыламі скразьняку” ды іншымі жыцьцёвымі нягодамі.

Я ня згодны, што асоба Хадановіча-творцы канчаткова сфармавалася і больш нічым нас ня зьдзівіць. Тужлівае расстаньне з маладосьцю, якім поўняцца “Лісты з-пад коўдры”, павінна некалі скончыцца — і мы пабачым новага Хадановіча, які злучыць свой інтэлектуальны багаж і творчы патэнцыял з больш сталай філязофскай пазыцыяй. Не арыстакрата—калекцыянэра рыфмаў, не лексычнага плэйбоя-эрудыта. Магчыма — паэта, магчыма — празаіка, магчыма — выдатнага перакладчыка. Магчыма — …? Dum spiro — spero. Бо ёсьць на што.

Даніла Жукоўскі, Горадня




Hosted by uCoz