Грыцько Чубай

МАРЫЯ

1

бачу траву што памёрла й ня стала па сьмерці

сініцаю

бачу вязьніцу й студню што маюць аднолькавыя

назовы

мінулыя галасы ў магнітафоне рудымі вавёркамі ў

коле

карабель сьнягоў што ў глыбокае поле сплывае

даўнія сьцежкі вавёрак нясе на сабе

ўжо шпарка ніхто не бяжыць ад сасны

да сасны

і на вогкім пяску экстазна ніхто ня танчыць

на досьвітку

бачу ў люстэрку я

срэбра тэлеграмаў хмар

безь імя атрымальніка

бо для сьвятла найтанчэйшага як ні шукай

ты ня знойдзеш імя

яно з-за бязьлюдных халмоў вырынае

і стралою ў цела ляціць безназоўнае

.....

- о хто ты хто

што ўжо маеш пахмурнага мужа

- о хто ты хто

што ўжо маеш безьліч дзяцей?!

- аддалася яму ў высокай траве

сярод белага дня

на закінутым цьвінтары

…..

- і хто ж верне цяпер белыя сьнягі да берага?!

назаве хто імя для сьвятла найтанчэйшага

для сьвятла найтанчэйшага

што так прыпазьнілася?

2

бачу як памяць яе беспрытульная йдзе па ральлі

напрасткі

засьціла памяць сабой гарады і сьнягоў караблі

патанулыя

дзівы блакітных дажджоў на закінутым цьвінтары

вымываюць у чэрапе ёю сьвяцёлку пакінутую

шлюбны сьпеў цьвіркуноў надвячоркам і зыкі

савы апоўначы

клічуць яе вярнуцца дамоў

…..

хто згадае імя для сьвятла найтанчэйшага,

што няўчасна ўпала ў высокія жыты?!

.....

ды й шчэ рана на досьвітку перад сьвітаньнем

голас плоці пачуе на цёмнай сьцяжыне

васмігадовая жонка сямігадовага мужа

бачу найпершыя словы яе бачу хаду найпершую

бачу найпершыя любасьці бачу цела аголенае

бачу твар азораны што неадрыўна глядзіць

туды дзе вада лятучая

туды дзе сузор’і залатых цьвіркуноў

3

тыя што ў поле дарогу забылі

тыя ня ўмелі сьпяваць

ведалі ноч па імі

але ж не кахалі нікога

яны звонкія кветкі ціхімі псамі цкавалі

пямяць іхняя сёньня азываецца шэптамі

памяць іхняя пса свайго

выпускае сёньня на кветкі

твары іхнія – люстры адно аднаго

але не браты яны

і паўз цьвінтар закінуты

маюць дарогу адну

і ў склепе пустым

хочуць мець яе жонкаю

але маюць хаду павольную

дойдуць пакуль - будуць як вецер нябачныя

будуць нібы сьвятло нячутныя

будуць зямлі ўласнасьцю

як і сініцы па сьмерці

бачу цела яе ў палоне асьветленых гукаў

што і сёньня ў баку ад усіх як калісьці

бачу пальцы яе што бягуць па цямнеючай шыбе -

пішуць звонкую назву лятучай

срэбранай рыбе

што з месячных плёсаў у вырай зьлятае навечна

бачу растаньне жанчыны з рыбаю

бачу пасьля як самотная йдзе - абмінае

струхлелы час

на яго сьветла-цёмных рыпучых арэлях

яе жэсты фатальныя

нібы валасы ў бліскавіцы

яе танец вясельны мае рытмы глыбокія

бы калодзеж зары

4

бачу памяць яе

што як вада лятучая мае крыло нерухомае

бачу сон бездыханы

што на крыле нясе яна асьцярожна

бачу вырай душы

на які толькі раз наглядзецца мажліва

гэта восень людзкая калі аблятае валосьсе й адзежа

а найпершымі - вочы

бачу восень такую апошнімі днямі якой

у белым гольлі касьцей завываюць вятры

то ж не спыняйце яе

ўжо чужую для вашага цела

што была ад ўсіх вас наіўнейшай

да яе сьвятло прыпазьнілася

а цемра прыйшла да яе апоўдні

не спыняйце яе

бо толькі яна была б здольная

нарадзіць для вас збаўцу

які навучыў бы ўсяго баяцца ўпотайкі

і бяз страху ва ўласную восень глядзець навучыў бы

бо яе насампраўдзе няма

ёсьць толькі вецер які забірае цела і вочы

пакідаючы вам найважнейшае

тое

чым вы былі насампраўдзе

не спыняйце яе

бо яна памятае пра цьвінтар і жыта высокае

яна памятае

яна засьвечвае месяц сабою

і засьвечвае вуснамі гукі

над калыскаю вашаю бачу яе із плачам

над труною вашаю бачу яе із сьмехам

адно калі вы засынаеце

яна ад усіх вас шчасьліўшая таньчыць

на вогкім пяску

і сягоньня

із танцам сыходзіць яна ад вас

вам не сказаўшы бывайце

1970

пераклала з украінскай Марыя Мартысевіч




Новини сайту | Білорусь - Україна | Марія Мартисевич | Форум
















Hosted by uCoz