Андрэй Хадановіч Дачакаць! Чаканьне каштоўнейшае за чаканку спытаць: "Трэцім будзеш?" А раптам ня п'е?! Усе атрымалі сьвяточныя грошы, засмажылі тлустую смачную гусь і жджэм, што апоўначы самы харошы з экрану прамовіць "Жыве Беларусь!" А мы ап'янеем, губляючы розум. Закружыцца голаў ад мрояў і кроз. Міколка, што некалі быў Паравозам, а сёньня ўвіхаецца, як Дзед Мароз, ізноў распачне навагоднія жарты, сьнягуркі апрануць свае кімано, і сядзе дасьведчаны шулер за карты - гуляць са стагодзьдзямі ў "дваццаць адно"... А стрэлка праходзіць апошні адцінак. (Два тысячагодзьдзі - на ейным баку!) Зязюля падкінула яйка ў гадзіньнік і хутка ўсясьветнае грымне "ку-ку". 30 сьнежня 2000 Верш на СвабодуМы покуль не народжаны народ, мы вязьні скамянелых яйцаклетак, мысьленча запаволены чарот; хтось падла, хтось зусім яшчэ падлетак, хтось піша і рыторыкай старой уводзіць юнакоў у заблужджэньне: змагар, руплівец, ходаньнік, герой, тытан, а мо й тытанік адраджэньня. Стаміліся й губляем лік гадам: гады ў турме паўзучыя, як гады! Дзе ж тая паўнагрудая мадам, што ўсіх нас павядзе на барыкады? Што маем, ёй бы кінулі да ног! І вартавыя чуюць нашы енкі, калі начамі ў каляровых снох мы бычым гэту кралю без сукенкі. Мы валім дрэвы, чэшам камяні, капаем катлаваны і каналы, чакаем на спатканьні, лічым дні й абагульняем сьвет наш дасканалы. Бо верым: навакольнае лайно цудоўным гноем станецца ў гасподзе. Па-праз закратаванае акно гартуем дых, каб дыхаць на свабодзе. |