Ніва № 52 (2433), 29 снежня 2002 г.
„Песні ўсходніх славянаў”Лена ГЛАГОЎСКАЯТак называлася сёмая ўжо сесія перакладчыкаў прыбалтыцкіх краін, якая 14 і 15 лістапада прайшла ў Гданьску. Арганізавалі яе традыцыйна ўжо Прыбалтыцкі цэнтр культуры і Гданьскае таварыства прыяцеляў мастацтва. Цікавасць выклікала прысутнасць беларускай літаратуры, літаратараў і перакладчыкаў на роўных правах з украінскімі, польскімі і рускімі. Аказваецца, існуе вялікая ўзаемная цікавасць у перакладах беларускай і ўкраінскай літаратур. Сесія „Песні ўсходніх славянаў” пачалася з выступлення беларускага паэта Андрэя Хадановіча пра пераклады сучаснай украінскай літаратуры (на прыкладзе тэкстаў Юрыя Андруховыча і Олэксандра Ірванця) на беларускую мову. Пасля Джвэныслава Матыяш з Украіны гаварыла пра пераклады паэзіі Андрэя Хадановіча на ўкраінскую мову. Дарэчы, паэт прывёз зборнік сваіх вершаў „Лісты з-під ковдри” перакладзеных на ўкраінскую мову (хаця такі зборнік на беларускай мове яшчэ не выйшаў).Праблематыка беларускай трансляторыкі была закранута таксама ў выступленнях Марыны Шоды, якая спрабуе перакладаць на беларускую мову апавяданні гданьскага літаратара Паўла Гюля і дуэта маладых славістак Малгажаты Бухалік і Катажыны Котыньскай, якія прадставілі даклад „Навейшая беларуская літаратура і яе польскія пераклады”. Выступленне прагучала ў даволі крытычным тоне, маўляў, няма доступу да беларускай сучаснай літаратуры ў Польшчы, таму і няма перакладаў. Адна з дакладчыц расказала, з якімі цяжкасцямі ўдалося ёй па пошце атрымаць месяц пасля заплаты „Рэквіем для бензапілы” Уладзіміра Арлова ў перакладзе на польскую мову. У выступленні гэтым было столькі прэтэнцыёзнасці, што мяне ўразіла яе адвага і адсутнасць якога-колечы самакрытыцызму. Пачалося з пытання: „Zaczne od pytania za sto punktow, jak panstwo przetlumaczyliby slowo «benzapila»?” Паколькі ў зале было пару „крэсавых зуброў” (літаратар Збігнеў Жакевіч, журналіст Тадэуш Скутнік, псіхіятр Казімір Катовіч, гісторык Вацлаў Максымовіч), якія дасканала разбіраюцца ў польска-беларускіх моўных тонкасцях, згодным хорам крыкнулi: „pila motorowa. To jednak tak, bo w Warszawie przetlumaczono by «pila spalinowa»” — каментарам кінула ў бок перакладчыкаў. Сваё захапленне беларускай літаратурай патрактавала амаль як выключную з’яву ў маштабе краіны: „Не ведаю беларускай мовы, але знаю кірыліцу, з якой мала хто ўжо ў Польшчы знаёмы, але ў перакладах дапамагаюць мне сябры з Беларусі, якія падкідаюць заадно свае кнігі”. Апрача „Рэквіем для бензапілы” ў выступленні згадалася яшчэ пра тэкст Уладзіміра Арлова „Незалежнасць”, які пераклаў на польскую мову Цэзары Галіньскі і апублікаваў свайго часу ў „Газеце выбарчай”. Успомніла часопіс „Pracownia”, які публікуе пераклады беларускай літаратуры на польскую мову, сказала пра „Слоўнік свабоды”. Пра іншыя пераклады беларускай літаратуры на польскую мову аўтарка выступлення сама, відаць, зашмат не ведае. Аднак прадставіла праект выдання анталогіі сучаснай беларускай літаратуры, над якой зараз абедзве з сяброўкай працуюць. Праўду кажучы, даўно я не чула так некампетэнтнага выступлення. На мае заўвагі адносна доступу да беларускай літаратуры, тыпу „па беларускую літаратуру можна паехаць у Гродна” пачулася ў адказ: „A czy Pani wie jak trudno przekroczyc granice z Bialorusia?” А калі я сказала, што за перакладамі беларускай літаратуры на польскую мову дастаткова паехаць у Беласток, хаця б у рэдакцыю „Нівы”, перакладчыцы здзівіліся, быццам і той Беласток за мяжой. Разумею, што моладзь да ўсяго хацела б мець доступ не выходзячы з хаты, не кажучы ўжо пра выезд у іншы горад (Беласток) ці за мяжу (у Беларусь), але калі нехта хоча займацца перакладамі беларускай літаратуры на польскую мову, павінен ведаць і адну, і другую мовы, а не толькі польскую і кірыліцу ў рускім ці ўкраінскім варыянце. А перакладчыкаў крыху ў Польшчы ёсць, напрыклад, Анна Сабэцкая, Чэслаў Сэнюх, Ян Максімюк ды група вопытных беластачан. Дастаткова зірнуць у бібліяграфію, складзеную Гражынай Харытанюк, каб мець сякі-такі погляд на справу. Шкада, што не гаварылася на сесіі пра патрэбу перакладаў польскамоўнай сучаснай літаратуры Аляксандра Юрэвіча, Збігнева Жакевіча, Сакрата Яновіча на беларускую мову. Нягледзячы на іхні беларускі творчы кантэкст, прысутныя абвінавачвалі іх у правінцыялізме („крэсовосьці”), а трэба перакладаць тое, што універсальнае зараз у польскай літаратуры і постмадэрнае. Пра пераклад тады „Новай зямлі” Якуба Коласа на польскую мову ніхто нават і не заікнуўся, хаця гэта важкая з’ява ў польска-беларускай трансляторыцы. Хаця быў даволі цікавы даклад мінскай студэнткі Марыі Мартысевіч пра пераклады на беларускую мову, як ні круці, а ўсё ж не постмадэрнага Канстантага Ільдэфонса Галчынскага, якога абеларушвалі Інэса Кур’ян, Серж Мінскевіч і Андрэй Хадановіч. Адчувалася нейкае іранічнае стаўленне да перакладаў Адама Міцкевіча на беларускую мову. Разумею такі постмадэрны падыход маладых творцаў і перакладчыкаў. Але чаму ігнараваць тых, якія захапляюцца польскай класікай і хочуць яе перакладаць на беларускую мову? Абсалютную некампетэнтнасць праявіў Лукаш Сомэр з Варшавы ў дакладзе „Kwestia tozsamosci jezykowej, narodowej i kulturowej we wspolczesnych literaturach wschodnioslowianskich; roznorodnosci i klopoty z przekladalnoscia zbiorowych doswiadczen”. На пачатку зрабіў ён агаворку, што не разбіраецца ані ў беларускай, ані ва ўкраінскай літаратуры, паколькі ён спецыяліст па Фінляндыі, але як тэарэтык нацыі можа нешта сказаць і на гэтую тэму. З украінскай літаратуры чытаў „Маскавіяду” Юрыя Андруховыча на польскай мове, з беларускай — фрагменты „Слоўніка свабоды”. Вось і так адбылася чарговая сесія перакладчыкаў за грошы Міністэрства культуры Польшчы і Фонду Баторыя, і як звычайна з „Песнямі славянаў усходніх” бывае — з моцным прафесійным расійскім і ўкраінскім ухілам. Добра, што гонар беларускага боку ратаваў Андрэй Хадановіч, які сваёй асобай і творчасцю даказаў, што можна пісаць на беларускай мове, перакладаць на яе і з яе.
Головна сторінка | Андрей Хаданович | Форум
|