Залатая пара жыцця: Рыгору Піўтараку — 70 гадоў

Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Рыгор Пятровіч Піўтарак нарадзіўся 14 чэрвеня 1935 года ў вёсцы Карыцішча Сумскай вобласці.

З 1998 года Р. Піўтарак кіруе аддзелам агульнаславістычнай праблематыкі і ўсходнеславянскіх моў Інстытута мовазнаўства НАН Украіны.

Кола навуковых інтарэсаў юбіляра ўключае ўкраінска-беларускія моўныя сувязі, праблемы этнагенезу славян, узнікненне пісьменнасці ва ўсходніх славян, гісторыю і дыялекталогію ўсходнеславянскіх моў, культуру мовы. Р.Піўтарак — аўтар больш за 250 навуковых прац, у тым ліку манаграфій “Марфалогія інфінітыва ва ўсходнеславянскіх мовах” (1974), “Фарміраванне і дыялектная дыферэнцыяцыя старажытнарускай мовы” (1988), “Украінцы: адкуль мы і наша мова” (1993), “Паходжанне ўкраінцаў, рускіх, беларусаў і іх моў: Міфы і праўда пра трох братоў славянскіх з супольнай калыскі” (2001, 2004), падручніка “Беларуская мова” (1997).

Беларусісты розных краін асабліва цэняць распрацоўкі Рыгора Пятровіча ў галіне беларусазнаўства. У 1964 годзе ім была абаронена кандыдацкая дысертацыя “Гісторыя інфінітыва ў беларускай мове”. На пачатку 1970-х гадоў Р. Піўтарак падрыхтаваў украінскія выданні класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, забяспечыўшы іх змястоўнымі прадмовамі.

Ва ўкраінскім навуковым друку Рыгор Пятровіч папулярызуе здабыткі беларускіх лінгвістаў. У прыватнасці, яго пяру належаць рэцэнзіі на працы “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы” І.Крамко, А.Юрэвіч, А. Яновіч (Мінск, 1968), “Лексіка Палесся ў прасторы і часе” (Мінск, 1971), “Асноўныя пытанні супастаўляльнай стылістыкі рускай і беларускай моў” М. Булахава (Мінск, 1979), “Слоўнік мовы Скарыны” (1977), аглядныя артыкулы аб беларусістыцы ва Украіне і інш. Юбіляр выкладаў украінскую мову ў Кіеўскім універсітэце імя Т.Шаўчэнкі, выдаў першы ва Украіне падручнік беларускай мовы. У 2003 годзе ў Кіеве ў перакладзе Р. Піўтарака на ўкраінскую мову выйшаў раней апублікаваны ў Мінску зборнік “Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязяў”. Спецыяльна для ўкраінскага выдання Рыгор Пятровіч напісаў вялікае ўступнае слова. За падрыхтоўку гэтага выдання яму прысуджана Прэмія прэзідэнтаў акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы. Цяпер завяршаецца падрыхтоўка “Беларуска-ўкраінскага слоўніка”, які Рыгор Пятровіч укладае разам са сваім вучнем Аляксандрам Скапненкам.

Ад імя ГА МАБ” віншую Вас, Рыгор Пятровіч, выдатнага навукоўца, абаяльнага чалавека, даўняга сябра беларускай навукі і культуры, намесніка старшыні нашай асацыяцыі ад Украіны з 70-годдзем з дня нараджэння. Жадаю Вам моцнага здароўя, далейшых навуковых дасягненняў і працягу актыўнага і плённага супрацоўніцтва з беларускімі і замежнымі беларусістамі!

Сяргей ЗАПРУДСКІ.




Новини сайту | Білорусь - Україна | Форум













Hosted by uCoz