A R C H E
№ 3 (23) – 2002Андрэй Хадановіч
Андрэй Скурко
П
азваніўшы ў дзьверы, Хадановіч заўжды крыху адступаецца назад, каб той, хто адмыкае, мог праз вочка ацаніць ягоную манумэнтальнасьць.Хадановіч любіць кагор і слоўнае штукарства. Два гэтыя паняткі непадзельныя: ягоныя санэты й актавы нашмат лепш успрымаюцца пасьля шклянкі-другой цёмнага напою з купаламі-цыбулінамі на цэтліку. Яшчэ Хадановіч любіць вандраваць. За мяжой яго ўжо ведаюць лепей, чым у нас, — у Кіеве, прынамсі, пазнаюць на вуліцы. Грошай пакуль ня просяць. Сэмінары, імпрэзы, паэтычныя чытаньні — родная стыхія Хадановіча. Ён умее прысутнічаць адначасова на дзьвюх-трох канфэрэнцыях у розных месцах, досыць аддаленых адно ад аднаго. Кажуць нават, быццам Хадановічаў некалькі. Заваяваны ім (імі?) абшар супадае пакуль зь межамі Сярэдняй Эўропы (да якой, як вядома, належаць усе краіны, якія лічаць, што цэнтар Эўропы — на іхнай тэрыторыі). Зрэшты, ня думаю, каб Хадановіч адмовіўся ад запрашэньня нават у Антарктыду. Потым удзячныя пінгвіны плылі б за ім аж да выспы Вялікадня. Прынамсі, ён сам бы так распавядаў.
Хадановіч умее нармальна сьмяяцца. Мала каму зь літаратараў гэта ўдаецца — збольшага даводзіцца чуць здушанае пахехекваньне. А Хадановіч аглушае цябе рогатам, ад якога ледзьве не развальваецца тэлефонная слухаўка.
З прычыны пастаянных Хадановічавых бадзяньняў немаведама дзе кантактаваць зь ім ды атрымліваць новыя вершы можна хіба праз электронную пошту. Калі асьцярожна. Бо мэйл ад Хадановіча — сапраўднае выпрабаваньне на сталасьць для антывіруснае праграмы кампутара.
А яшчэ кажуць, што ніякі ён не Хадановіч. Ён Іва Хад
áнавіч з Прышціны, жаўнер Іншаземнага легіёну, якога пасьля канфліктаў у Малі і на Мадагаскары ўзнагародзілі за асабістае зьверства спакойнай працай — выправілі ахоўваць бібліятэку францускай Акадэміі. Там ён і пазнаёміўся зь вялікай беларускай літаратурай. Колас з Купалам так запалі хлопцу ў душу, што пасьля заканчэньня тэрміну службы ён назваўся Андрэем Хаданóвічам, атрымаў адпаведныя дакумэнты і паехаў у Менск, дзе адразу ж здаў экстэрнам дзяржаўныя іспыты і атрымаў дыплём на філфаку БДУ. Толькі вэтэранскае пасьведчаньне выратавала яго ад разьмеркаваньня ў Жабінкаўскі раён.З тае пары ён выкладае ва ўнівэрсытэце замежную літаратуру і вайсковую падрыхтоўку, перапісваецца з паэткай-наркаманкай Далілай Самасыс, вучыць дзяцей (пакуль што чужых) складаць вершы ды час ад часу робіць набегі (нашы продкі казалі — наезды) на рэдакцыі газэтаў і часопісаў. Пазваніўшы ў дзьверы, ён заўжды крыху адступаецца назад, каб праз вочка можна было ацаніць ягоную манумэнтальную постаць, якая ўсім сваім выглядам нібыта кажа: адмыкайце — прыйшоў Хадановіч.
Головна сторінка | Андрей Хаданович | Форум