Андрэй Хадановіч
мудрагелістыя санэты
ПРАДМОВА
Сучасныя страшылкі. Modern Sagen.
Ад жаху валасы ўстаюць старчма.
Тут рэй вядуць Мярэсьеў і Карчагін.
Ты зь імі не сябруеш? А дарма!
Ты прагнеш вагін - мусіш мець "фальксваген".
(Маркотнейшай аповесьці няма.)
Чым Брагін, лепш наведаць Капэнгаген,
хоць кажуць, што і Данія - турма.
Увесь сьвет - тэатар. Напачатку шатня.
Пасьля буфэт, грымёрка... і вар'ятня,
дом творчасьці, дзе кожны - пацыент,
што трапіў на курорт амаль задарам
і дзень пры дні руплівым санітарам
дыктуе свой вялікі тастамэнт.
НЯЎЛОЎНЫЯ МСЬЦІЎЦЫ
Нам калыханкай сталіся здаўна
гарматны гул і кулямётны строкат.
Мы часьцяком спыняліся за крок ад
сьмяротнай бліскавіцы й перуна.
Паслоў варожых пасылалі на...
Блукалі па балотах, жэрлі блёкат,
пілі атруту й засыналі ўпокат -
і кожны абуджаўся давідна!
Бяз мараў пра хвалу і ўзнагароду
жыцьцё аддаючы ў імя народу,
на вогнішча ішлі, як Жанна д'Арк.
Бо кожны з нас да звышгеройства звыклы,
і вораг часта бачыў нашы іклы,
заходзячы ў мясцовы заапарк.
НЕСЬМЯРОТНАСЬЦЬ
Мілосныя аблуды - у абладзе
юрлівых пацалункаў (балазе
ў кандытарскім дыхтоўным перакладзе
на мову саладжэнікаў - бэзэ).
Шампанскае і кельнэр-шымпанзэ,
а потым саксафоннае суладзьдзе
ў самотнай нараджаецца тузе
з брунатных вуснаў - сола ў шакалядзе.
І раптам - долу, каб разьбіцца ўшчэнт...
А ўнізе ўжо расьцягваецца тэнт
пажарнікамі, і сышлося мноства
пакліканых сустрэць адно цябе
амонімаў эгіпэцкага боства
ў касках на задумлівым ілбе. |