Дазвольце пазнаёміць: Сэргій Жадан
Андрэй Хадановіч
Калі ў размовах з украінскімі калегамі я ўжываю
слова “жаданьне”, амаль усе яны ўсьміхаюцца. Ім чуецца там прозьвішча “Жадан”.
Вось дык папулярнасьць паэтычнай постаці ў наш час! Пагатоў, гаворка пра жывога
й нават маладога аўтара. Вось жа, дазвольце пазнаёміць: Сэргій Жадан (Харкаў,
Украіна).
Ёсьць дзьве Ўкраіны. Трапляючы ў Львоў, ты шчыра зайздросьціш яго жыхарам, а
пачуўшы ўкраінскую ў вуснах бамжа альбо гопніка, разумееш: усё ОК, вернай
дарогай ідзяцё, таварышы! Але ёсьць іншая Ўкраіна, якая ва ўсім нагадвае нашу
бацькаўшчыну. І родны горад Жадана – фарпост гэтай другой Украіны. Побач з
харкаўскім сталінскім ампірам наш, менскі, выглядае бяскрыўдным утульным
ракако, а Палац Рэспублікі расчульвае сваёй мініятурнасьцю. Харкавяне з гонарам
паказваюць найбольшую ў Эўропе плошчу з найвялізарнейшым помнікам Леніну;
агромністы канструктывісцкі хмарачос, аздоблены нотнымі знакамі, зь якіх
складаецца “Інтэрнацыянал”; першы ў СССР Дом піянэраў і г.д.
Сэргій Жадан мог бы падсілкоўваць гэты мясцовы патрыятызм: найлепшы малады паэт
(У)краіны – і ніяк ня менш! У горадзе, пазбаўленым амаль што ўсякіх праяваў
нацыянальнага й паэтычнага, Жадан стварае ўражаньне ўсюдыіснасьці ўкраінскай
паэзіі. Харкаўскія рок-гурты (яшчэ нядаўна расейскамоўныя) сёньня сьпяваюць
песьні на жаданоўскія тэксты. Міжнародны фэстываль “Паэзія нумар адзін”, які
рыхтуе й праводзіць Жадан, зьбірае паэтаў далёка з-за межаў Украіны. (Летась
мне пашчасьціла прыехаць на гэты фэстываль. Жадан падараваў удзельнікам афішу:
дзьве распаленыя лесьбіянкі цалуюцца ўзасмок. Добра было пасьля паказваць афішу
сваім хатнім, намагаючыся растлумачыць, чым займаўся на фэстывалі!)
“Адкуль ён, д'ябал яго бяры, узяўся, гэты літаратурны гаўрош, гэты герой
пралетарскага маньерызму, дзіця індустрыяльных падзямельляў ды постсавецкага
постпанку?.. – пытаецца жывы клясык украінскага постмадэрну Юры Андруховіч, і
сам спрабуе адказаць: “Нехта, магчыма, зь неба ткнуў пярстом кудысьці ў
напрамку раённага цэнтру Старабельск і сказаў: “Ты, малы!” А далей усё
адбывалася нібы й само сабою – харкаўскае сілавое поле, энэргетыка мёртвых
паэтаў, блюзьнерства, каханьне, алькаголь, шуканьне дакладнай рыфмы. І –
паэзія, гэтая прыгожая жэстыкуляцыя, гэтае жорсткае мужчынскае маўленьне без
аніводнай саплі – вершы роспачы, што самі ёсьць радасьцю, вершы
безнадзейнасьці, што самі ёсьць надзеяй”.
Як кожны добры паэт, Жадан сумяшчае несумяшчальнае: жорсткі эпатаж (не
памылюся, назваўшы яго сьцёбам) – і пранікнёны лірызм, выразную іронію – і
гранічную шчырасьць, вышуканую мэтафорыку – і жаданьне называць рэчы сваімі
імёнамі, філялягічную адукацыю – і пэрлы прастамоўя й моладзевага слэнгу. Яго
фразэалягічныя кантамінацыі ўражваюць, як недазволеныя ўдары ў боксе. Мяркуйце
самі: “у адну й тую самую рэчку снарад не трапляе двойчы”. Альбо: “нумарацыя
вагонаў гніе з галавы цягніка”. Ягоныя мэтафары выбуханебясьпечныя. Але што шчэ
рабіць паэту, калі муза “чысьціць зубы, як табэльную зброю,/І засынае побач з
табою”?
Адны параўноўваюць Жадана з Рэмбо, акцэнтуючы раньнюю паэтычную сталасьць;
іншыя, наадварот, абвінавачваюць “цяжкага падлетка ўкраінскай паэзіі” ў
хуліганстве й інфантылізьме. А Жадан спакойна робіць сваю справу. Выдае кніжку
за кніжкаю. Стварае лібрэта да рок-опэры. Шмат перакладае. (Дарэчы, плянуе й
анталёгію маладой беларускай паэзіі.) Сам сабою згадваецца дыялёг з жаданоўскай
мініятуры “Сьціплая прывабнасьць буржуазіі”:
– О’К’, Serhiju. Жадаю ўсяго найлепшага.
– Дзякуй, у мяне ўжо ёсьць.
Сэргій Жадан
intro
радасьць і алькагалізм на тваіх барыкадах
вецер у неба ўпаўзае чорнай вужакай
о дрэвы якія растуць проста зь нічога
о сонца вяртаньня што перакочваецца ўгары
пасьпяшае з усходу на захад
пакуль не сьцямнела вакол
тады ты вернесься ў цішу сваіх таполяў
у добрыя рукі госпада ўсіх мудакоў
які правядзе цябе цёмнаю ноччу ў бэзавых ценях
кватэрамі даўніх знаёмых
о шэры будынак смаўжа
за якім пачынаецца мора
о сонныя кабеты што расьсякаюць мяса
на ранішніх рынках
калі кавалкі ялавічыны цяжка падскокваюць
як баскетбольныя мячы
тады ты зойдзеш у дом і пазнаеш пах
і будзеш разрозьніваць пра сябе каб да канца
разабрацца
дрэва й тканіна золата і цэмэнт
налева пасьля калідорам пасьля шчэ некалькі крокаў
фіранкі і зашчапкі кветкі і адкрывачкі
вазонікі зоркі каляровыя кафлі кандомы з аптэкі
пажоўклыя лекі паштоўкі на сьвяты атрамант
лёзы значкі фотастужкі патроны расталая памада
дрэвы заколкі стальныя пінцэты
фіксатары й бубны прылады мастацтва
і недзе на сподзе паміж фламайстрамі і квіткамі
між фінкамі і бабінамі недзе на самым сподзе
тое фота што ты шукаў
і што знойдзеш адразу
як толькі ты ўвойдзеш у гэты дом
дарэчы колькі табе шчэ засталося?
паўднёва-заходняя падарожная
give the anarchist a cigarette
chumbawamba
неба – колеру цёплага воску
цяжкую вільгаць цягне патроху
анархісту дай папіроску
выпраўляючыся ў дарогу
вось цягнікамі расклады вабяць
вось алькаголікаў дружныя пыскі
як зімаваць яму стромна мабыць
без каханьня і без прапіскі
можа і ён патроху прывыкне
не кульгацьме й ног не парэжа
пара зацяжак – і цалкам зьнікне
ў нетрах правабярэжжа
і прарастуць красамоўства кветкі
поштай і ў друку – добрыя людцы!
бо ўжо такія апошнія сьведкі
недаробленых рэвалюцый
неба набракне нібы рашчына
будзеш каціць нібы ў вырай нечы
й на кожным пэроне сваёй айчыны
адбівацца ад паражнечы
ска кіеў
наша краіна сонца й вечных дажджоў пагатоў
поўных красунь паўднёвых і паўночных кустоў
у жоўтагарачыя хусткі хутае рот гаваркі
маючы недзе ў кішэнях набытыя ўчора квіткі
як іх усіх зрывае хоць не прыйшлі халады
ты б не пасьпела за імі
ды табе і няма куды
каго не ламае клімат той вытрымае абы
пісаць у хатніх умовах гісторыю барацьбы
так што спрабуй разьбярыся між гэтых усіх харызм
адкуль у суграмадзян іх прыроджаны алькагалізм
дзёўбаныя азбоды з адмысловай хадой
з пабытовым сумленьнем зь вечаровай слатой
з ранішняй настальгіяй што разьядае пагляд
дзякуй богу праз пару тыдняў дажывем да каляд
вось напрыклад твой тата з адвечным сваім бухлом
з дэпрэсіўным мінулым і перабітым крылом
із стромнай сваёй натурай удачай сваёй цяжкой
і ўжо даўно й безнадзейна зьнесенаю башкой
ад апіятаў запальных і дурное травы
і я баюся яму ўжо проста не адшукаць галавы
бо зрэшты яму да сракі ягоная галава
так глядзі і дацягне сабе да раства
ці скажам твае суседзі што цэлы займаюць блёк
тужлівымі галасамі гнюсавяць свой любы фолк
аддаючы перавагу песенькам пра вайну
зь пераможным канцом хіба ж я іх упікну
бо пераборлівы госпад пры раздачы даброт
хоць бы й такім дзіўнаватым чынам яны свой любяць
народ
вось і ты зачыняеш за сабою акно
кідаеш у торбу рознае лайно
вымаеш зь лічыльніка медных жучкоў
далучаеш да сьпісу шчэ пару бычкоў
і бязважкі попел зьбіваючы на ляту
бацькаўшчына байбай кажаш у пустату
мова твая шчэ сьвеціцца зыркая нібы луска
жлукці сабе свой сухарык слухай сабе сваё ска
покуль твой калідорны табе ня ўчыніць шмон
бо надыдзе пахмельле якому ня скажаш вон
не сустрэнеш пры браме вытаптаўшы расу
ня скажаш добрага здароўя ці то слава ісу
будзеш глядзець праз дрэвы дзе на галіне птах
вось пратупалі скаўты з трафэямі ў руках
вось лінія абароны – ужо даўно нічыя
вось анёл праляцеў сойкай да ручая
калі ты нарэшце вернесься пад штандар свой стары
калі тваё сонца пойдзе на дно жабрамі дагары
ты азірнесься ўгору ня тоячы твару свайго
а там ужо пойдзе сьнег і ты адчуеш яго
дзесь на пачатку неба ён будзе сабе ісьці
ты першай яго пабачыш у лёгкім лёткім жыцьці
пабачыш як цемра ўверсе хавацьме яго дарма
сьнег падумаеш ты і пачнецца зіма
bodywork
прыходзіць апошняя серада перад вялікаднем
ісус з апосталамі адстойвае службу ў адным з
праваслаўных храмаў
пасьля разыходзяцца дамовіўшыся сустрэцца заўтра
ісус знаходзіць аліўкавы гай і пачынае маліцца
прыходзіць ноч зямля астывае
аліўкавае лісьце як зялёныя згусткі паветра вісьне над
галавою
ходзішчы пусьцеюць зьяўляецца апостал пётра
кладзецца на траву й загарнуўшыся ў коўдру спрабуе
заснуць
прыходзяць зоркі вецер паступова сьціхае
пётра ня можа заснуць і глядзіць у неба
начныя жывёлы палююць на нябачную здабычу
пётра засынаючы слухае голас настаўніка
зранку прыходзяць садоўнікі
павольна ідучы абменьваюцца навінамі
знаходзяць ісуса той палохаецца й жахаецца
што гэтая чара яго прамінула
Пераклаў з украінскай А. Хадановіч
Публікуецца паводле: Студэнцкая думка, №4-5, 2002.
2002 © litara.net
Головна
сторінка | Андрей Хаданович | Форум