Ва Ўкраіне выйшла кніжка Андрэя Хадановіча па-беларуску
пятніца, 13 траўня 2005, 19:17

 

Першая беларускамоўная кніга вершаў з ініцыятывы Асацыяцыі ўкраінскіх пісьменьнікаў і пры фінансавай падтрымцы Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі выйшла днямі ў кіеўскім выдавецтве “Факт”. Зь яе аўтарам беларускім паэтам Андрэем Хадановічам сустрэлася карэспандэнтка Радыё Свабода Валянціна Аксак.


Аматарам паэзіі ва Ўкраіне ўжо знаёмае імя беларускага паэта Андрэя Хадановіча — тры гады таму там выйшла ягоная першая кніга “Лісты з-пад коўдры”. Але тады гэта былі пераклады. З нагоды чаго на адной з прэзэнтацыяў перакладчык Хадановіча ўкраінскі паэт Юры Андруховіч сказаў, што, маўляў, жылі б мы ў такой балта-славянскай канфэдэрацыі, то ня трэба было б і перакладаць творы адзін аднаго. Выглядае, што той жарт нядаўняя аранжавая рэвалюцыя паўднёвых суседзяў крыху наблізіла да рэальнасьці. Прынамсі, 2-тысячны наклад кнігі беларускае паэзіі на мове арыгіналу, але названай па-ангельску “From Belarus with Love”, ужо пасьпяхова прадаецца ва ўкраінскіх кнігарнях, ад чаго аўтар не хавае радасьці.

(Хадановіч: ) “Аляксандар Ірванец — а ва Ўкраіне паэты маюць тэлевізійныя праграмы, у якіх рэклямуюць кнігі — дык вось, прадстаўляючы маю кнігу, ён сказаў так: “Самы вядомы УКРАІНСКІ паэт, які піша беларускаю моваю”.
Ірванец, канечне, вядомы жартаўнік, але маленькая доля праўды ў гэтым ёсьць. Мне пашчасьціла ў гэтым сэнсе, я заняў там нейкую такую нішу пасьля доўгіх гадоў нічога няведаньня ўкраінцаў пра Беларусь. А жаданьне ведаць, аказваецца, вельмі і вельмі ёсьць”.

Кніга Андрэя Хадановіча “
From Belarus with Love” выдадзеная ў Кіеве ў сэрыі “Зона Авідыя” — першы такі прэцэдэнт у гісторыі айчыннае літаратуры, калі беларускамоўныя творы прызначаныя для замежных чытачоў. А для ягоных беларускіх прыхільнікаў прапануем кароткі верш у аўтарскім выкананьні:

(Хадановіч: ) “Няма чаго лавіць, апроч
апошняе маршруткі!
Куды ні руш, куды ні кроч,
дагоняць халады.
Бо верасьнёвай цеплыні
не ўтрымаць за грудкі.
Папрэсься ў цемры на агні,
а трапіш не туды.

Куды зьнікае ўчора й дзе
канец тваім прыгодам?
Няма ратунку ў горадзе,
і ў доме ні душы.
Праходзяць лета зь верасьнем
падземным пераходам
і замыкаюць дзьверы снам,
і ў сьпіну скавышы”.

За мяжой выдаваліся і выдаюцца беларускія кнігі, але гэта выданьні, якія распаўсюджваюцца ў беларускамоўных асяродках альбо сярод навукоўцаў-беларусістаў. Як прыклады можна назваць Беласточчыну ў Польшчы ці Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Што ж да росту папулярнасьці беларускіх аўтараў ва Ўкраіне, то можна яшчэ дадаць, што сёлета там заплянаванае выданьне кнігаў выбраных твораў па-ўкраінску Васіля Быкава і Ўладзімера Арлова.

 

Джерела тексту:

http://www.svaboda.org/articlesfeatures/culture/2005/05/ccc597d6-a980-4440-b723-e94fa20187cd.html

з уточненнями зі сторінки

http://www.livejournal.com/community/by_chadanovicz/3090.html#cutid1

 

 



Новини сайту | Андрей Хаданович | Форум













Hosted by uCoz