Марыйка Мартысевіч
МОЙ ГЕРОЙ
Ён ня граў на
кіфары, ня плыў на Кіфэру (Цэтэру etc.),
на пытаньне ці ён
homo sum, без сумневаў і суму заўжды падсумоўваў “sum hetaero”;
сьціплы мытнік,
службовец мастацтва – страчаюцца й тыя, што служаць амбітней,
ён працуе ў
чаканьні на міт, занураецца ў міт, што падмуркам ягонае мытні;
песьціць міт, што
ніколі нічога нікому ні з кім і нідзе,
нейкім чынам
штось пэўнае там адмываючы ў мытнай вадзе;
папярэднік
прыйдучых памежнікаў Заўтра,
якія пакуль –
парушальнікі межаў варожага Сёньня
і валодаюць мовай
плыньней, зь нематы карыстаюцца плёньней;
вынаходнік
сьвятой прастаты, чарнабожнік складанай заганы,
шанаваны
паўсюдна, паўсюль плятанічна каханы…
Андрэй Хадановіч
Маё дзіцячае
разуменьне геройства было блытаным, няўцямным і крыху супярэчлівым. На экране
нашага хатняга “Гарызонту” ўжо мільгацелі кінагероі Чып-энд-Дэйл, Зорра,
Супэрмэн і, галоўнае, агент 007 Бонд-Джэймс-Бонд, а ў школе нам яшчэ стараліся
прышчапіць хоць нейкую павагу да гераізму Марата Казея і Зоі Касмадзям’янскай.
Быў яшчэ лірычны герой і “герой не майго раману”. Але ўсе папярэднія сэнсы
слова “герой” адыйшлі на іншы плян, калі строгая пані з клясычнаю гулькаю на
макаўцы ўвайшла, каб выкладаць міталёгію. І паўстаў вобраз культурнага героя –
Прамэтэя, які прынес чалавеку агонь і сядзіць побач, і цярпліва, раз у дзясяты
паказвае, як здабываць іскры з крэмню крэсівам. А чалавек глядзіць, зачараваны,
на полымя, бы Дафніс на Хлою, і суе ў вогнішча пальцы, дурань. Менавіта
культуртрэгер стаўся напачатку студэнцтва маім героем, і Джэймс Бонд
пакаціўся зь небасхілу зьнічкаю, канчаткова ўзбалтаўшы сваё віскі з марціні.
Судачыненьне з
сусьветнаю культураю дало мне зразумець, што покліч “сеяць разумнае, добрае,
вечнае” ўнівэрсальны. І што ў любы час і ў любой краіне на вагу золата яны –
культурныя героі. І я ня ведаю, якія тэксты і якімі мовамі набіралі б зараз мае
пальцы, калі б у мяне, калі б у нас усіх не было аднаго такога.
Сябраваць з
настаўнікамі нямодна. Так меркавалі ў маёй школе, і мусіць, толькі гэтым яна розьнілася
ад ліцэяў зь іх духам братэрства і роўнасьці. А мяне з маленства цягнула быць
роўнай настаўнікам, вучыцца мудрасьці ў старэйшых сяброў і сябровак. Адным
летам, вандруючы па Заходняй Беларусі, я даведалася, зь якога часу мяне
перанесьлі ў нашую эпоху іншаплянэтікі. З 1822 году, калі беларускі кампазытар
Міхал Клеафас Агінскі ўсталяваў у сваёй сядзібе ў Залесьсі памятны камень у
гонар свайго настаўніка Жана Ралея. Мяркую, што, калі я дарасту да веку
Агінскага, і захачу ўшанаваць памяць дарагіх мне людзей, якія мяне вучылі, то
хопіць на цэлы сад камянёў. Прычым Андрэй Хадановіч будзе самым пузатым зь іх,
і яго заўсёды будзе бачна.
Фарамальна ён
ніколі ня быў маім выкладчыкам – у Беларускім Калегіюме ня ставяць адзнак і
залікаў, а ў аўдыторыях філялягічнага факультэту мы не сустракаліся. Дый
выглядала б гэта вельмі вясёла: я пазнаёмілася з Хадановічам падчас
двухтыднёвай вандроўкі ў Расію ў такім асяродку і атмасфэры, што пасьля вельмі
цяжка было б перавучыцца на “вы” і “спадару”. Але адна “ўнівэрсытэцкая” пара
усё-ткі адбылася. У майго патока прапаў занятак па замежнай літаратуры, мы
гулялі на Сьвіслачы, і Хадановіч імправізаваў нам з таварышкамі лекцыю пра
ангельскіх паэтаў-рамантыкаў.
Натхніўшыся
Кольрыджам, Ўордсвартам і іншымі героямі лекцыі, я наважылася на першую
сур’ёзную спробу мастацкага перакладу. Я падрыхтавала ўрывак зь верша
ангельскага рамантыка і падсунула яго Хадановічу ў віншавальнай паштоўцы на
дзень народзінаў. Можа, празь дзень народзінаў і прымаўку пра доранага каня,
але ён сказаў: “Гэта добра,” – а празь некаторы час прапанаваў мне падаць
анкету на міжнародную школу перакладчыкаў. Свой творчы лёс у выпадку, калі б
маім перакладацкім штудыям не знайшлося куратара ў асобе Андрэя, я малюю ў
самых чорных фарбах: пэўна, зьняверылася б у тым, што гэта камусьці патрэбна,
перастала б вучыць мовы і пачала з гора пісаць уласныя вершы.
Дзіўна, але паважныя пісьменьнікі дагэтуль
называюць майго героя “маладым літаратарам”. І гэта пры тым, што настаўнікам
яго лічу ня толькі я, але цэлая пясочніца ангажаваных у творчасьць дзяўчатаў і
хлопцаў. Вось і атрымліваецца з Хадановіча такі сабе літаратурны піянэрважаты…
У пясочніцы
корпаюцца паэты. Мы, перакладчыкі, акупавалі жалезную горку, і ўпарта зьяджаем
па ёй, раз-пораз больна адбіваючы сабе азадкі. Часам азіраюся і з радасьцю
бачу: чарга да горкі ўсё расьце. Многім рупліўцам, якія толькі ўступаюць у
нашую культуру, Хадановіч проста і ясна адказаў на пытаньне “навошта”
перакладаць. Засталіся пытаньні “што” і “як” – справа густу і тэхнікі. Дзьве
апошнія рэчы мы і кшталтуем у перакладчыцкай майстэрні Беларускага Калегіюму.
Мае бацькі лічаць, што занятак цягам трох гадзінаў – гэта ненармальна. І
напраўду: тое, што адбываецца падчас абмеркаваньня перакладаў, нармальным
акадэмічным працэсам не назавеш. Але, па-мойму, гэта і ёсьць школа, калі
вы разумееце, пра што я.
Як культуртрэгер
паэзіі Андрэй Хадановіч трыадзіны для мяне ў трох homo: homo sapiens, homo
ludens і homo viator. Чаму “чалавек разумны” і “чалавек заўзяты”, мусіць,
тлумачыць няма патрэбы – ужо шмат пісалася пра яго творчасьць як пра
спалучэньне гульні і веды. “Чалавек вадроўны” – напэўна, таму, што ягоны
ўлюбёны від спорту – паэтычны турызм. Гаворка нават не пра літаратурныя
фэстывалі, на якія яго ахвотна запрашаюць замежнікі. Мне падаецца, што Хадановіч
насычае беларускую літаратуру ня толькі новымі формамі і зьместамі, але й
новымі местамі. Цікава загадваць, адкуль прыляціць наступны вершык на маю
тутбаеўскую скрынку.
Апошнім часам туды
ўсё спорней сыпяцца рымаванкі пра Новы год, Раство, сьвятога Мікалая і ўсё тое,
што сагравае на шырачэзных сьнежаньскіх прашпэктах Менску. Вось жа, калі б усе
творчыя паненкі краіны даручылі мне Калядны зварот да Андрэя Хадановіча, я
ўскрарскалася б на крэсла з келіхам традыцыйнага савецкага шампусіка, і сказала
б так. На гэтыя і на ўсе наступныя Каляды хочацца пажадаць дарагому Андрэю
нашаму Хадановічу, каб жа ён надалей нашым літаратарам сьніўся, каб жа
студэнткі на калідорах філфаку паказвалі на яго пальцам: “Ён жывога Бэгбэдэра
бачыў!”, і каб жа ў яго скураной торбе не сьсякала кніжак, якія ён нам,
невукам, дасьць пачытаць, а можа што перакласьці параіць, і каб жа ў размаітых
страўнях Эўропы яму елася і пілася, і вершы пра гэта на сурвэтках пісаліся. Каб
жа розных краінаў памежнікі на ўсе лады вымаўлялі прозьвішча Khadanovich зь
сіняга пашпарту. І каб жа мой культурны герой меў мажлівасьць несьці культуру ў
сваіх дарожных валізах, і займаць пасаду перакладчыка з чужых птушыных моваў на
нашую птушыную мову. Merry Christmass, Andrew наш Khadanovich, і хай табе і надалей
сьняцца сны аб Беларусі.
Сьнежань
2004
Джерело:
http://skill.ru/users/mesgana/storage/moj_heroj_mm.htm
Новини сайту | Андрей Хаданович | Марія Мартисевич | Форум