Андрэй
Хадановіч cто пудоў адзіноты |
|
|
* * * больш нічога не адбываецца толькі неба ў вадзе адбіваецца * * * Дзьве лыжкі солі на шклянку цёплага мора, якое цячэ з валасоў і на твары ня стыне. Ляціш празь мяжу на сустрэчу са сьветлым tomorrow і ўпадаеш у мора ў раёне Гданьску і Гдыні. Вільготны вецер зранку мазгі прамывае. Зьвіліны вашых маршрутаў — на гданьскіх мапах. Міма цябе пралятаюць аблокі, птушкі, трамваі, караблі з Вэстэрплятэ і электрычкі на Мальбарк. Вучыш замежныя мовы па караоке. Джаз-фэстывалі чаек на молах і пірсах. Кожная дзеўка — анёл, найчасьцей — каравокі. На языках без касьцей сустракаецца пірсінг. У плянэтарыі сьпіш пад коўдрай Вялікай Мядзьведзіцы, і загараеш пад хмарным небам на злосьць прагнозам; істота, якая здалёк чырвонаю скураю сьвеціцца, выкладчык Ліцэю, паэт з абгарэлым носам. А потым дашлеш па пошце альбо напішаш у посьце верш-апраўданьне, сам сабе абаронца, што ты тут паводзіўся, як і належыць госьцю — не згараў на буйках і не заплываў за сонца. * * * шчасьце й дажджы табе выпадаюць блёкамі шэрыя й белыя плямы ў неба на твары нібы калейдаскоп чаруе аблокамі хмары аблокі хмары аблокі хмары неба ў вадзе а вада ў суцэльным гудзеньні хутка на кожным пальцы ног па маскіту калейдаскоп прамок і мяняе адзеньне шэры і белы і шэры колер блакіту * * * сонца схавала праменьне ў тваім настроі ў небе цукровая вата і польскія лёды ты ўмыкнула плэер цяпер нас трое і я ня сплю пад дыктоўку тваёй мэлёдыі і я трымаю ў вушах крыху тваёй музыкі і я трымаю ў грудзях крыху твайго паветра але мае фантазіі зашпіленыя на ўсе гузікі але твае мроі й на пляжы ня ходзяць бяз швэдра адлегласьць у сорак мэлёдыяў — не з малых і мы да самай мяжы будзем мець занятак каштуючы адно аднаго на слых спалучаныя сасуды пад знакам сіямскіх блізьнятак сто пудоў адзіноты I just called to say «I love you». Stevie Wonder сто пудоў адзіноты больш чым пацягне ліфт за акном то зьліва то пролівень то залева ходзяць думкі налева і ўлева схіляюць шрыфт і пішу пачынаючы з рыфмаў справа налева сёньня дзень і ноч пагадзіліся на нічыю і ніякай нябеснай манны максымум манка а назаўтра вечар з раніцы зуб даю гэта восень будзе вільготнай як німфаманка гэта восень будзе вільготнаю сто пудоў нібы горла не прасыхацьме да небакраю але будзь я нават нэграм пахілых гадоў я вазьму тэлефон і скажу што цябе кахаю * * * ты ўмееш гадаць бяз кавы — досьць цынамону й гвазьдзікі арыентуесься ў музыцы і паралельных сусьветах юная нібы яшчэ не запалены маладзік і старая як вечнасьць таму пагашаны ў небе ветах заўсёдніца ў кожным касьцёле сынагозе і кірсе гатовая ехаць стопам а потым вяртацца па шпалах а потым выйсьці на подыюм хістаючыся як на пірсе такая лёгкая што здаецца змые любы фатаспалах покуль мэтро развозіць па навагоднім аргане покуль мяне развозіць — праўду мяшаў з маною ты засынаеш у недасяжнай дзявочай фата-маргане і прачынаесься ў ложку побач са мною Разьвітаньне. Паэма Выкінула ў акно ўсю яго паклажу: «Не прыходзь сюды больш — загрыміш у турму!» «Усе мы пад Богам ходзім», — хлопец ёй кажа. «Усе вы пад бокам ходзіце», — кажа яна яму. * * * Прагартаўшы жыцьцё настолькі, што ўжо закладку укладаеш ня між астатніх, а між прачытаных старонак, забываеш амаль пра ўсё, што было спачатку, і гартаеш спачатку — і раптам бачыш: пячатку на старонцы сямнаццаць пакінуў чыйсьці пярсьцёнак. І глядзяць чырвоныя вочы на паляроідзе: пераходны ўзрост — на крызіс сярэдняга веку. І гаворыш сабе, што ўрэшце і гэта пройдзе, і вяртаеш кнігу ў школьную бібліятэку. |
|
Джерело: Наша
Ніва - 2005 - № 36 |
Новини сайту | Андрей Хаданович | Форум